Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКА НЕ ЗЬБІРАЕЦЦА СЫХОДЗІЦЬ”


Ул. інф.

Два тыдні таму ЗША ўнесьлі Беларусь і яшчэ пяць іншых дзяржаваў у чорны сьпіс краінаў, дзе брутальна парушаюцца правы чалавека, — піша венскі “Der Standard”. Пад кіраўніцтвам аўтакрата Лукашэнкі ў Беларусі ня толькі перасьледуюцца і зьнікаюць апанэнты рэжыму, зачыняюцца незалежныя выданьні. Гэтая краіна апынулася таксама ў цяжкім эканамічным заняпадзе, аднак заходнія інвэстыцыі ў яе народную гаспадарку ніяк не прадугледжваюцца.

Тым ня менш, Лукашэнка ня хоча пакідаць сваёй пасады і разьлічвае на трэці тэрмін прэзыдэнцкага кіраўніцтва. Ён аргумэнтуе свае пляны наступным чынам: у іншым выпадку для ягонай краіны настане вельмі цяжкі час, народ проста не зразумее яго і не даруе.

“Frankfurter Rundschau” прыводзіць словы беларускага лідэра наконт апазыцыі: яна, маўляў, складаецца з надзвычай жудасных людзей. Гэтыя людзі толькі і мараць, каб пасьля сканчэньня Луканшэнкавых паўнамоцтваў закінуць яго ў турму альбо ўвогуле забіць. Паколькі апазыцыя здольная кіраваць “ad absurdum”, у Лукашэнкі ёсьць важныя прычыны заставацца прэзыдэнтам і пасьля 2006 году.

Нягледзячы на тое, што да чарговых выбараў засталося тры гады, Лукашэнка зьбіраецца правесьці ўсенародны рэфэрэндум як мага хутчэй — сёлета ўвосень альбо на пачатку будучага году. Гэта тактычнае рашэньне. Крамлёўскаму кіраўніцтву, якое вельмі стрымана ставіцца да плянаў менскага лідэра, будзе неўзабаве проста не да Беларусі. Крэмль мусіць займацца сваімі расейскімі выбарамі: парлямэнцкімі дый прэзыдэнцкімі.

Паводле “Frankfurter Rundschau”, пэўную глебу для атрыманьня патрэбных вынікаў у часе галасаваньня Лукашэнка пачаў рыхтаваць ужо два месяцы таму. Спачатку зачынілі шэраг незалежных выданьняў. Ад сярэдзіны ліпеня ў адстаўку былі накіраваныя 40 адказных чыноўнікаў. Напрыканцы ліпеня з пасады сьпікера парлямэнту быў вызвалены Аляксандар Вайтовіч. Менавіта ў ім Лукашэнка пачаў бачыць свайго патэнцыйнага канкурэнта.

Што да адданых яму васалаў, то бок урадавых чыноўнікаў, то менавіта на іх лягчэй за ўсё ўскласьці адказнасьць за эканамічную сытуацыю ў краіне. Нягледзячы на афіцыйную стытыстыку адносна росту вытворчых паказчыкаў, 43% беларускага насельніцтва сёньня знаходзяцца на мяжы і нават па-за мяжой жабрацтва. Палова калгасаў — нерэнтабэльныя. Сярэднямесячныя даходы жыхароў гэтай ізаляванай ад цывілізаванага сьвету краіны складаюць 56 даляраў.

Як пішуць аглядальнікі, сваімі дзеяньнямі Лукашэнка хоча адвесьці ўвагу ад уласных хібаў, а зь іншага боку — дысцыплінаваць сваіх набліжаных. Беларускі кіраўнік, праўдападобна, ня мае клопатаў адносна будучых вынікаў народнага галасаваньня. Прагнозы незалежных экспэртаў наконт таго, што ён мае шанец атрымаць толькі 17% падтрымкі, Лукашэнку не палохаюць. У пытаньнях маніпуляцыяў галасамі беларускі лідэр добра дасьведчаны, — піша “Frankfurter Rundschau”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG