Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ ПАТРАБУЕ СПЫНІЦЬ РУСІФІКАЦЫЮ БЕЛАРУСКАЙ ЧЫГУНКІ


Ігар Карней, Менск

Ліставаньне паміж ТБМ і кіраўніцтвам чыгункі цягнецца не адзін месяц. Старшыня ТБМ Алег Трусаў запэўнівае, што будзе лістамі й публічнымі выступамі атакаваць ведамства да таго часу, пакуль прыпынкі электрацягнікоў ня будуць абвяшчацца па-беларуску, а на квітках і рэклямных выданьнях ня зьявіцца інфармацыя на беларускай мове.

Дарэчы, учора, у Дзень беларускай чыгункі, Рада ТБМ атрымала на свой запыт чарговы адказ з ведамаснай адміністрацыі. Чыноўнікі тлумачаць, што ў беларускіх электрацягніках інфармацыя падаецца на расейскай мове, бо тэхнічнае забесьпячэнне распрацаванае ў Расеі. Кіраўніцтва ТБМ лічыць такое тлумачэньне абсурдовым: гэта тое ж, каб чалавек у Беларусі купіў японскі тэлевізар, і той паказваў бы праграмы на японскай мове.

Сакратар Рады ТБМ Тамара Грузнова кажа, што падобныя адпіскі чыноўнікаў толькі актывізуюць пратэст з боку сьвядомай часткі насельніцтва, і днямі чарговыя два дзясяткі подпісаў за беларусізацыю чыгункі, а разам і адпаведная заява, накіраваныя начальніку Беларускай чыгункі.

(Грузнова: ) “Мы абураныя тым, што ў электрацягніках у абвестках цалкам выцесьненая з ужытку дзяржаўная беларуская мова. Патрабуем спыніць дыскрымінацыю мовы тытульнай нацыі і рабіць інфармацыйныя паведамленьні ў цягніках і на вакзалах на дзяржаўнай мове, якая зьяўляецца роднай для 73% насельніцтва і зразумелай для ўсіх грамадзянаў Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Пакуль вашае ліставаньне арыентаванае на чыгунку, ці паралельна яшчэ камусьці дасылаюцца падобныя патрабаваньні?”

(Грузнова: ) “Зьбіраем подпісы да старшыні Менгарвыканкаму Паўлава з пратэстам супраць русіфікацыі візуальнага і гукавога асяродзьдзя менскага мэтрапалітэну. Абураныя неабдуманымі й неабгрунтаванымі захадамі гарвыканкаму на перайменаваньне станцыі мэтро “Ракаўская” і спробамі вярнуць станцыі “Плошча Незалежнасьці” старую назву”.

Амаль у кожным звароце на імя дзяржаўных чыноўнікаў кіраўніцтва ТБМ канстатуе, што спробы змагацца зь беларускай мовай існуюць цягам трох стагодзьдзяў. Але мова не памерла і паміраць не зьбіраецца. І дзяржаўныя чыноўнікі павінны гэта ўлічваць, альбо, у іншым выпадку, ім патрэбна шукаць іншай працы, не зьвязанай з выкарыстаньнем адной з самых прыгожых і мілагучных моваў у сьвеце — беларускай. Дарэчы, мая суразмоўца Тамара Грузнова кажа, што нядаўна распачаты збор подпісаў і супраць русіфікацыі беларускага тэлебачаньня.

(Грузнова: ) “Пішам на імя Ягора Рыбакова, паколькі глыбока абураныя зьмяншэньнем часу беларускамоўнага вяшчаньня на БТ-1, амаль поўным зьнікненьнем беларускай мовы з праграмаў навінаў. І патрабуем спыніць дыскрымінацыю пераважнай большасьці нашых суайчыньнікаў, якія ў часе перапісу 1999 году назвалі сваёй роднай мовай беларускую, і зноў зрабіць праграмы цалкам беларускамоўнымі. Ну, і пачалі зьбіраць подпісы па сытуацыі вакол ліцэю: патрабуем скасаваць пастанову Саўміну ад 25 чэрвеня аб ліквідацыі ліцэю”.

Кіраўніцтва ТБМ не згаджаецца на закулісныя кампрамісы, якія раз-пораз прапануюць у дзяржаўных ведамствах. Пазыцыя таварыства адназначная — кампрамісаў у моўным пытаньні ў Беларусі быць ня можа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG