Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ МОВА ЯК ФАКТАР ПРЫНЯЦЬЦЯ РАШЭНЬНЯЎ


Юлія Шарова, Менск

“Беларускамоўны дзіцячы садок запрашае…”, “Пазнаёмлюся зь беларускамоўным хлопцам…”, “Відэа па-беларуску…”, “Праграміст зь веданьнем беларускай мовы шукае працу…” Падобныя прыватныя абвесткі можна сустрэць ледзьве ня ў кожным нумары “Нашай Нівы”, альбо на некаторых Інтэрнэт-сайтах.

Як бачна, у гэтых абвестак ёсьць усяго адно агульнае словазлучэньне: беларуская мова. Менавіта яна ўсё часьцей робіцца для шматлікіх насельнікаў краіны фактарам прыняцьця жыцьцёва важных рашэньняў.

Чаму гэтак адбываецца? Калі з выбарам мовы пабытовых зносінаў, адукаваньня дзяцей ці мовы мастацкай літаратуры ўсё яшчэ цалкам зразумела, то імкненьне абмежаваць кола ўласных знаёмстваў толькі беларускамоўнымі сябрамі ўжо зьдзіўляе ды бянтэжыць. Бо выглядае гэта хутчэй як імкненьне самаізалявацца, аднак зь якой мэтай?

Увесь беларускі рух — гэта будаваньне іншай рэчаіснасьці, сьцьвярджае лінгвіст Зьміцер Саўка. На ягоную думку, беларускамоўныя насельнікі краіны знаходзяцца ў пэўнай адкрытай рэзэрвацыі, але гэта не найгоршы варыянт. Бо гэтая рэзэрвацыя, кажа спадар Саўка, штогоду колькасна павялічваецца, прынамсі, у колах інтэлігенцыі.

(Саўка: ) “Будаваньне гэтай іншай рэчаіснасьці — страшэнна захапляльны працэс. І ён прывабіў да сябе людзей, якія ня маюць ніякага дачыненьня да беларушчыны. Прынамсі, этнічна яны могуць быць расейцамі, украінцамі, я нямала такіх людзей ведаю. На сёньняшні дзень яны сталі беларусамі паводле мовы, паводле сьведамасьці, паводле сваіх уяўленьняў пра жыцьцё, паводле сваіх запатрабаваньняў і зноў-ткі паводле сваіх штодзённых моўных выбараў”.

Пры гэтым спадар Саўка цьвердзіць, што абіраць кола знаёмстваў ды партнэра па шлюбе паводле моўнай прыкметы варта. Бо толькі такім чынам можна паспрыяць умацаваньню беларускага руху.

Псыхоляг Вольга Андрэева лічыць, што прынцыповы пераход на беларускую мову можна назваць формай унутранай эміграцыі. Людзі імкнуцца стварыць сабе новую рэчаіснасьць, бо тую, у якой яны існуюць, прыняць нельга. У штодзённым жыцьці людзі ня бачаць падставаў для нейкіх пазытыўных зьменаў, і для таго, каб застацца ў гармоніі з сабой ды мець адчуваньне сэнсу жыцьця, ім трэба стварыць тую рэальнасьць, якую яны прымуць. У любым выпадку — гэта спосаб аддаліцца, адасобіцца, кажа спадарыня Андрэева.

(Андрэева: ) “Гэтых спосабаў шмат. Можна сысьці ад навакольнай рэчаіснасьці, абраўшы сабе нейкі адмысловы занятак. Для некага гэта ўнурэньне ў спорт, у некага ў рэгілію ці ў спэцыяльнае хобі. Чалавек абірае тое, пры дапамозе чаго ён можа ідэнтыфікавацца. Тэма ідэнтычнасьці, пошуку адказу на пытаньне “Кім я ёсьць?” вельмі важная для асобы, бо гэта зьвязана з сэнсам жыцьця. І тут узьнікае пытаньне выбару мовы. Хто я на гэтай тэрыторыі, дзе жыву: выпадковы чалавек, гаспадар, госьць? У любым выпадку, праз мову чалавек зьвязвае сябе з той тэрыторыяй, дзе ён жыве. Ён тут не чужы, ён “тутэйшы”.

Быць чужым псыхалягічна вельмі складана: людзей вакол сябе чалавек пачынае разглядаць як сваіх ворагаў. А праз далучэньне да мовы чалавек робіцца сваім у пэўным грамадзтве, пачуваецца больш камфортна. Дарэчы, гэтым псыхоляг тлумачыць той факт, што часта шэрагі беларускамоўных папаўняюць неэтнічныя беларусы ды нават людзі, якія трапілі ў Беларусь у даволі сталым веку. Яны абіраюць мову тытульнай нацыі, бо такім чынам хочуць заваяваць павагу гэтага народу.

Уладзімер Васькоў ніколі не лічыў, што кола стасункаў трэба абмяжоўваць беларускамоўнымі асобамі. Ён нарадзіўся ў Беларусі, але большую частку жыцьця правёў па-за яе межамі. Пэўны час быў ува Ўкраіне, і ўрэшце асеў у Расеі. Цяпер жыве ў Туле. Ягоная жонка-расейка, якую асабіста нічога зь Беларусьсю ня зьвязвае, размаўляе ў сям’і толькі па-беларуску — перавучылася дзеля мужа. Дзеці таксама гадуюцца на беларускай мове.

(Васькоў: ) “Ня трэба шукаць чалавека паводле моўные прыкметы. Хацелася б, канечне, каб чалавек размаўляў на той жа мове, што і ты. Але трэба знайсьці чалавека, якога ты будзеш кахаць, які будзе кахаць цябе. Як у Бібліі: першае, што напісана — палюбі Бога і ні пра што болей ня думай. Так і тут. Знайдзі чалавека, які будез кахаць цябе — і ўсё астатняе атрымаецца. Калі ты будзеш размаўляць зь ім па-беларуску, то і ён з табой будзе так сама размаўляць”.

Беларуская мова відавочна часта ёсьць сродкам нейкім чынам выдзяліцца з шэрай масы, заявіць ня толькі пра сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, але й пра непаўторнасьць ды арыгінальнасьць асобы, гаворыць студэнтка-філёляг Марыя Мартысевіч. Аднак уласную беларускамоўнасьць яна нечым незвычайным ня лічыць. Зрэшты, канстатуе Марыя, прытрымлівацца беларускай мовы ў гэтай краіне — у пэўнай ступені ўчынак, які патрабуе сьмеласьці ды пераадоленьня шматлікіх псыхалягічных бар’ераў. Іншае пытаньне, якую афарбоўку гэты ўчынак набывае — палітычную, альбо чыста культурную.

(Мартысевіч: ) “Маё жыцьцёвае крэда — рабі добра, і тады да цябе пацягнуцца. А на якой мове ты будзеш рабіць гэта тут, цяпер нікога не цікавіць. Мне нават шкада тых людзей, якія абіраючы паміж дзьвюма кніжкамі, выбіраюць горшую толькі таму, што яна па-беларуску. І шкада тых, хто, напрыклад, ведаючы расейскую мову, ня хоча чытаць Муракамі ў перакладзе на расейскую”.

Намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Наша Ніва” Андрэй Скурко заўсёды размаўляе па-беларуску, бо прытрымлівацца гэтай мовы яму прасьцей, чым расейскай. Таму беларуская мова не зьяўляецца для яго асабіста фактарам прыняцьця жыцьцёва важных рашэньняў альбо грамадзянскай пазыцыяй. Абіраць кола стасункаў паводле моўнай прыкметы памылкова, бо кожны чалавек мае свой уласны характар і зацікаўленьні. Агульная мова яшчэ не азначае ўзаемапаразуменьня, кажа спадар Скурко. Зрэшты, у звычайным пабытовым жыцьці яму асабіста беларускамоўнасьці бракуе.

(Скурко: ) “Што тычыцца самых разнастайных фірмаў, кавярняў, цырульняў, то бізнэсоўцы папросту не разумеюць тут свайго шчасьця. Калі б у Менску хоць нейкая чутка прайшла пра тое, што зьявілася цырульня альбо кавярня, дзе абслугоўваюць па-беларуску, то я мяркую, што іхная кліентура ўзрастала б недзе на траціну. І гэта прымушала б іншых задумацца над пытаньнем канкурэнцыі”.

Як бачна з выказваньняў усіх герояў сюжэту, беларуская мова так ці іначай сьведчыць пра нейкі дух пярэчаньня, які прысутнічае ў тых, хто пачуваецца беларусамі. Але гэткая парадаксальная сытуацыя выкліканая палітычнымі чыньнікамі, што не пакідае беларусам іншага выбару, апрача як сысьці ў “адкрытую рэзэрвацыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG