Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАМОНТ У ЛІЦЭІ ПАЧАЎСЯ З АМОНАМ


Любоў Лунёва, Менск

А 8-й раніцы некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся ў двары ліцэю. Сярод іх лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч, Валеры Мазынскі, Людміла Гразнова, Валянцін Акудовіч, мастакі і пісьменьнікі. Валеры Мазынскі патлумачыў сваю прысутнасьць гэтак:

(Мазынскі: ) “Што рабіць? Такая сытуацыя, яна, як кажуць, выбівае зь сядла жыцьцёвага. Не дае пераключыцца на тое, што трэба рабіць. Гэта папросту абражае чалавечыя пачуцьці. Я не знаходжу вакол сябе чалавека, які б усё гэта неяк апраўдаў. Разганяюць, закрываюць… Гэта што? Дзеці апазыцыі? Ну, калі так, то вы настолькі слабое кіраўніцтва, што ня здольныя гэта ўзначаліць. Значыць, вам не хапае розуму, таленту, адукацыі. Вы толькі як дрэнны бацька — у морду кулаком, ды й усё”.

Ліцэісты распавялі, што 1 верасьня прыйдуць у будынак ліцэю:

(Яня Сташкевіч: ) “Мы хочам адстаяць сваё права вучыцца ў тым ліцэі, куды мы паступалі й вучыліся па-беларуску. Мы хочам, каб знайшоўся нейкі кампраміс з уладамі, каб былі і нашы жаданьні ўлічаныя. Трэба знайсьці аптымальны варыянт. Таму мы тут”.

Таня Андрусовіч дадала:

(Таня: ) “Калі я вучылася ў школе, я заўсёды радавалася, што захварэла. Думала: “Як добра! Не пайду нікуды”. А калі стала вучыцца ў ліцэі, то дома стала сумна. Сюды заўсёды хочацца ісьці. Вельмі цікава вучыцца тут”.

Будаўнікі прыйшлі толькі праз паўтары гадзіны. Яны паведамілі, што іх задача — паставіць рыштаваньні, каб зьбіць стары тынк і пафарбаваць фасад будынку, але толькі тую частку, якая выходзіць у двор. Гэта абурыла прысутных. Бацькі казалі, што такім чынам папросту будзе зроблены выгляд, што робіцца рамонт, тым больш, што на самой справе грошы на фарбу і на ўнутраныя работы так і не пералічылі. Бацькі папрасілі рамонтнікаў нічога не рабіць, бо тады іх дзецям ня будзе дзе вучыцца.

Будаўнікі сышлі, але а 2-й гадзіне прыйшоў кіраўнік аддзелу сацыяльна-эканамічнага забесьпячэньня сп.Турко. Адразу за ім прыйшлі міліцыянты на чале з падпалкоўнікам Вараб’ёвым. Той пачаў пагражаць прысутным затрыманьнямі.

(Вараб’ёў: ) “Паважаныя грамадзяне, я чаго да вас зьвяртаюся? Прашу “разойтиться” і не перашкаджаць рамонтным работам ліцэю”.

Каб пераканаць прысутных, спадар Вараб’ёў выклікаў АМОН. Усіх абурыла такая пазыцыя ўладаў.

Лідэр “Народнай грамады “ Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Мабыць, толькі ў гэтай дзяржаве такое магчыма, каб супраць бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў прыстойнай навучальнай установе, як казала тут адна жанчына, дзе яе дзіця ня будзе “калоцца” і ня трапіць у кепскую кампанію, каб супраць іх выклікалі АМОН. Гэта зьдзек са здаровага сэнсу. Гэта стаўленьне ўсяго кіраўніцтва нашай краіны да ўсяго нацыянальнага”.

Калі амонаўцы выбеглі ў двор, усе селі жывым ланцугом уздоўж будынку. Амонаўцы адціснулі людзей ад будынку і самі сталі ланцугом. Яны пачалі затрымліваць некаторых мужчынаў. Але, калі бацькі закрычалі, каб тады ўсіх прысутных адвезьлі ў пастарунак, засталіся на сваіх месцах. Людзі зьвярталіся да іх, каб яны сышлі.

Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Ну, натуральна, да гэтых хлопцаў якія могуць быць прэтэнзіі? Я спадзяюся, што іх будуць выкарыстоўваць згодна з прызначэньнем. Можна рабіць дрэнныя рэчы, але не паказваючы такой сваёй адданасьці бяспраўю”.

У гэты час прыйшло паведамленьне аб адстаўцы міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна. Намесьніца дырэктара Ірына Сідарэнка патэлефанавала ў міністэрства і паведаміла Казіміру Фарыно, што ён будзе адказваць, калі бацькоў і дзяцей будуць зьбіваць амонаўцы і адвозіць у пастарункі. Каб спыніць канфлікт, у ліцэй прыехаў чыноўнік Камітэту адукацыі сп.Воранаў. Ён чытаў розныя загады і пастановы, але так і не адказаў на асноўнае пытаньне бацькоў: “Дзе будуць вучыцца іх дзеці?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG