Некаторыя мінакі ня ведалі, што дакладна адказаць на гэтае пытаньне, але выказаць сваё меркаваньне не адмаўляліся:
(Карэспандэнтка: ) “Чаму, на вашую думку, улады закрываюць Беларускі гуманітарны ліцэй?”
(Спадар: ) “Ня ведаю нават. Можа, Лукашэнка зачыніў яго. Пэўна наверсе вінаватае начальства”.
(Спадарыня: ) “Ва ўсялякім разе не з-за дзяцей. Толькі палітычнае нешта. Іншага тут ня можа быць”.
(Спадар: ) “Недалёка ўправа справамі прэзыдэнта — проста некаму спатрэбіўся будынак, вось і ўсё”.
(Спадарыня: ) “Ня ведаю. Гэта ў прэзыдэнцкую адміністрацыю трэба зьвяртацца — усё ў іхнай уладзе”.
(Спадар: ) “Відаць, ня любяць беларускую мову ў нас, пачынаючы з самага верху і заканчваючы самым нізам. Я разумею, каб дзьве мовы былі, а так — толькі адна”.
(Спадарыня: ) “Мне здаецца, увогуле ў нас цяпер адбываецца нешта страшнае. І гэты ліцэй як бяльмо на воку ў нашай сыстэме і ў сыстэме адукацыі ў прыватнасьці”.
Іншыя суразмоўцы былі перакананыя, што закрыцьцё беларускамоўнага ліцэю ёсьць часткай наступу найвышэйшых уладаў краіны на ўсё нацыянальнае ў Беларусі.
(Спадарыня: ) “Гэта спатрэбілася нашаму ўраду, а дакладней — Лукашэнку. Бо ён супраць беларускай мовы, супраць незалежнасьці. Ён жадае саюзу з Ррасеяй, таму зьнішчае мову і культуру нашага народу. Тое, што робіць Лукашэнка, гэта генацыд нашага народу”.
(Спадар: ) “Гэта плацдарм для Расеі, каб тут было лёгка. Гаварыць па-расейску тут трэба, усё. Сюды прыходзіць Расея, і яны баяцца, што іх прымусяць гаварыць па-беларуску альбо ім давядзецца вывучаць беларускую мову. Гэта адзін прыклад. Другі — радыё “Сталіца”, памянялі радыёхвалі FM. Проста беларускую мову выцясьняюць, вось і ўсё”.
(Спадар: ) “Ідзе аднаўленьне савецкай, а дакладней, расейскай імпэрыі. А кожная імпэрыя намагаецца ня даць, каб сярод нятытульных народаў паўстала нацыянальная эліта. І каб гэтага не дапусьціць, трэба зьнішчаць навучальныя ўстановы, якія гэтую эліту гадуюць”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта ідэалягічна нявытрыманая ўстанова. У зьвязку з тым, што цяпер усе школкі, усе ВНУ краіны павінныя будуць выкладаць курс дзяржаўнай ідэалёгіі, то я ня думаю, што выкладчыцкі калектыў гуманітарнага ліцэю пайшоў бы гэтым шляхам. І мне здаецца, што гэта расправа з тымі, хто ня хоча ісьці зь дзяржаваю ў адну нагу”.
Гэткія выказваньні мінакоў пра закрыцьцё Беларускага гуманітарнага ліцэю.