Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЗМАГАЦЦА З ХАБАРНІКАМІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пачалі дзейнічаць папраўкі, унесеныя ў Крымінальны кодэкс некалькі месяцаў таму. Навіна дасьць магчымасьць вызваліць зь месцаў зьняволеньня пасьля перагляду справаў больш за 700 злачынцаў, у асноўным непаўнагадовых. Таксама будзе зьменшанае пакараньне для некалькіх тысяч іншых злачынцаў, паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе Вярхоўнага суду.

Адначасова зьмены ў Крымінальны кодэкс прадугледжваюць падвышэньне адказнасьці за хабарніцтва. Гэтак, дзяржаўны чыноўнік, якога зловяць пры атрыманьні хабару, сядзе ў турму ўжо не на 6, а на 7 гадоў. У пэўных выпадках адмяняецца і альтэрнатыўнае пакараньне за хабарніцтва.

Дзяржаўныя мэдыі ўжо абвесьцілі гэтыя захады чарговым ударам па карупцыі ў Беларусі, але незалежныя экспэрты з такімі высновамі не сьпяшаюцца. Былы прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір нагадвае, што ў Кітаі за хабарніцтва чыноўнікаў увогуле расстрэльваюць, аднак гэта не прывяло да перамогі над карупцыяй у дзяржапараце.

(Чыгір: ) “Асноўнае — гэта падстава для хабарніцтва, ад яе трэба пазбаўляцца, а ня толькі рабіць больш жорсткім пакараньне. Наш чыноўнік нават пры вялікай пасадзе зарабляе мала, і, зразумела, пры пэўных умовах можа і пасьлізнуцца. Калі бы ў нас заробкі былі хаця б як у Польшчы, то хабарніцтва амаль не было бы і бяз Кодэксу”.

Аднак галоўным Міхаіл Чыгір лічыць захады дзеля дэмакрытазацыі грамадзкага жыцьця і лібэралізацыі эканомікі. “Трэба ісьці іншым шляхам — дэмакратызаваць дзяржаўны лад, ліквідаваць забароны для малога і сярэдняга бізнэсу. Сьпіс відаў дзейнасьці, на якія патрэбны дазвол уладаў, у Беларусі самы даўгі з краінаў СНД — вось вам і падстава для карупцыі”.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня былы бізнэсовец Андрэй Клімаў збольшага згодны, што з карумпаванымі чыноўнікамі трэба абыходзіцца вельмі жорстка. Але Андрэй Клімаў ня лічыць, што ва ўмовах Беларусі нават падвышэньне адказнасьці за хабарніцтва спыніць карупцыю.

(Клімаў: ) “За час пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Аляксандар Лукашэнка згубіў магчымасьць кантраляваць сваю ўладную вэртыкаль і цяпер мусіць яе палохаць праз вось такія захады. Я б параіў у такіх умовах цалкам зьмяніць кіроўныя кадры, але наўрад ці ён да гэтай парады прыслухаецца. Між тым, інакш карупцыю не пераадолець”.

Паводле ягоных назіраньняў, сёньня ў Беларусі карупцыя існуе ня толькі ў выглядзе хабарніцтва, але і праз паслугі паводле прынцыпу “ты — мне, я — табе”. І з гэтым відам карупцыі змагацца куды больш цяжка, чым нават з хабарніцтвам.

(Клімаў: ) “Наколькі я ведаю, сёньня бізнэсоўцу немагчыма адкрыць краму ў Менску нават за хабар, патрэбныя знаёмствы, аказаньне іншых паслугаў. І ўся вярхушка “харчуецца” менавіта праз такія паслугі. Там ужо і хабар непатрэбны, яны адзін з другім дзеляцца, там вельмі шчыльныя сувязі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG