Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭСПЭРАНТА – МІЖНАРОДНАЯ МОВА БУДУЧЫНІ?


Кастусь Бандарук, Прага

Нагадаем, што эспэранта прыдумаў у 1887 годзе лекар габрэйскага паходжаньня зь Беластоку Людвік Замэнгоф. Ён ўзяў тры чвэрці слоў з раманскіх моваў, а астатнія з грэцкай, нямецкай і славянскіх моваў. Эспэранта азначае “той, хто спадзяецца”. Замэнгоф спадзяваўся, што новая мова аблегчыць узаемныя кантакты і суіснаваньне ў шматэтнічным і шматкультурным грамадзтве. Даўжэйшы час цынікі высьмейвалі задуму беластоцкага лекара як нерэальнае моўнае дзівацтва. Аднак хіба ня скажа гэтага мільярдэр Джордж Сорас, які эспэранта заўдзячвае свой цяперашні статус: ён уцёк з камуністычнай Вугоршчыны на Захад дзякуючы свайму ўдзелу ў 1946 годзе ва Ўсясьветным кангрэсе эспэранта ў Швайцарыі.

Калі меркаваць паводле колькасьці сябраў Усясьветнага таварыства эспэранта, якое налічвае 8 мільёнаў чалавек, мова Замэнгофа мае перад сабою неблагія пэрспэктывы. Былы прэзыдэнт Таварыства Гамфрэй Тонкін лічыць, што пашырэньню эспэранта ў Афрыцы, Азіі і Паўдзённай Амэрыцы спрыяе інтэрнэт. Тым часам, некаторыя кансэрватыўныя невялікія абшчыны выступаюць за тое, каб эспэранта стала афіцыйнай мовай Эўразьвязу. Яны цьвердзяць, што гэта ідэальная мова ў час свабоднага гандлю, іміграцыі, інтэрнэту і свабоднага руху людзей і ідэяў. Аднак у мінулым менавіта гэтага баяліся і з гэтай прычыны перасьледавалі прыхільнікаў эспэранта розныя дыктатары. Гітлер лічыў, што пашырэньне эспэранта можа аблегчыць жыдам дамінацыю ў сьвеце. Сталін паслаў тысячы эспэрантыстаў у сібірскія гулагі, а Садам Хусэйн выгнаў з Іраку адзінага настаўніка эспэранта.

Аднак час зьмяніўся, і спадзяваньні на пашырэньне мовы Замэнгофа ў сьвеце ажылі ў часе 88-га Кангрэсу эспэранта ў Гётэборгу. 1800 дэлегатаў з самых розных краінаў сьвету – на 20% болей, чым у часе ранейшых зьездаў, – гаварылі на мове, якая гучыць, як сумесь гаманлівай італьянскай мовы зь мяккім польскім вымаўленьнем. Дэлегаты з прыемнасьцю адзначылі рост прыхільнікаў эспэранта па ўсім сьвеце і павелічэньне колькасьці інтэрнэт-сайтаў, прысьвечаных гэтай мове.

Прафэсар фанэтыкі зь Лёндану Джон Уэльс лічыць, што эспэранта мае большыя шанцы на пашырэньне, чым іншыя мовы, зь некалькіх прычынаў. Толькі для 10% насельніцтва сьвету ангельская мова зьяўляецца роднаю, хаця яны спрабуюць ператварыць яе ў мову міжнацыянальных зносінаў. Аднак для азіятаў вельмі цяжкае ангельскае вымаўленьне, і яны задаюцца пытаньнем: а чаму гэта ім трэба вывучаць якраз гэтую мову? Апрача таго, эспэранта ў 5 разоў лягчэй вывучыць, чым ангельскую мову, і ў 10 разоў лягчэй, чым расейскую.

Многія зьвяртаюцца да эспэранта таксама з той прычыны, што ангельская мова асацыюецца з глябальным гандлем і палітычнай рыторыкай. Сваё неўспрыманьне палітыкі і заяваў Буша ды Блэра яны пераносяць на ангельскую мову. “Глябалізацыя спрыяе нам і дае людзям магчымасьць пазнаёміцца з эспэранта ня толькі як з унівэрсальнай мовай, але і сацыяльнай ідэяй”, – кажа праф. лінгвістыкі з Унівэрсытэту ў Гейдэрабадзе Пробал Даскупта. На гэта разьлічваў і Людвік Замэнгоф, калі стварыў сваю эгалітарную мову, але для ажыцьцяўленьня ягонай задумы, бадай, не было больш спрыяльнага часу, чым у сучасным звужаным сьвеце, – піша Джынан Браўнэль ў часопісе “Newsweek”.
XS
SM
MD
LG