Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЧЫНОЎНІКІ НЯ МАЮЦЬ ЧАСУ НА АДПАЧЫНАК


Ганна Соусь, Менск

За дзевяць гадоў свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка толькі некалькі разоў браў адпачынак — і тое пераважна ўзімку. Ён езьдзіў на прэстыжныя курорты ў аўстрыйскія Альпы і на Каўказ. Улетку ж Лукашэнка звычайна працуе. Паводле ягонага прыкладу і беларускае чынавенства сядзіць гэтым летам амаль без адпачынку.

У Міністэрстве эканомікі Радыё Свабода паведамілі, што міністар эканомікі Андрэй Кабякоў, які да таго ж зьяўляецца віцэ-прэм’ерам, ад самага свайго прызначэньня больш за год таму так і ня быў у адпачынку і пакуль не зьбіраецца.

Сёлетні адпачынак міністра працы і сацыяльнай абароны Антаніны Моравай некалькі раз адкладваўся, працуе яна й дагэтуль.

Толькі што звольнены міністар адукацыі Пётар Быгадзін браў кароткі адпачынак у чэрвені, але больш з прычыны хваробы — у яго быў гіпэртанічны крыз. Менавіта ў той час разгортваўся канфлікт вакол Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю. Але гэта быў даволі ўмоўны адпачынак. Як паведаміла сакратарка былога міністра, амаль штодня Пётар Брыгадзін прыходзіў на працу.

Міністар спорту Юры Сівакоў гэтаксама не адпачывае. Калі атрымаецца, ён плянуе пры канцы лета паехаць у Расею да бацькоў.

Існуе негалосная забарона на летні адпачынак для высокіх урадоўцаў падчас жніва. Надоечы чыноўнікам усіх узроўняў, якія задзейнічаныя на ўборцы, афіцыйна падоўжылі працоўны дзень да 16 гадзінаў.

Тыя ж высокія чыноўнікі, якія здолелі ўзяць адпачынак, далёка не ад’яжджаюць, бо іх могуць у любы момант выклікаць для ўдзелу ў чарговай нарадзе.

Вяртаецца з двухтыднёвага адпачынку міністар транспарту Міхаіл Баравы, ён быў у Фаніпалі ў сваякоў. Кажуць, што міністар марыць паехаць у круіз па Волзе. Ад 1 жніўня адпачывае, і таксама ў Беларусі, міністар надзвычайных сытуацыяў Валеры Астапаў. З панядзелка пайшоў у адпачынак віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын — надоечы яму зрабілі апэрацыю. У даўгатэрміновым адпачынку міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка — яна цяпер лекуецца ў Нямеччыне.

Хутка вяртаецца зь Ялты з санаторыю Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта міністар абароны Леанід Мальцаў. З 18 жніўня зьбіраецца пайсьці ў адпачынак міністар культуры Леанід Гуляка. Адметна, што мала хто зь беларускіх урадоўцаў езьдзіць па турыстычных пуцёўках у далёкае замежжа. Верагодна, апасаюцца, што гэта не спадабаецца Аляксандру Лукашэнку, які амаль што невыязны. І тут варта прыгадаць сталінскі час, калі з прычыны бяссоньніцы Сталіна ўсе тагачасныя высокапастаўленыя чыноўнікі былі вымушаныя па начах заставацца на сваіх працоўных месцах.

Беларускія чыноўнікі аддаюць перавагу санаторыям Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Гэта беларускія “Баравое”, “Гарадзішча”, “Сосны” на Нарачы, санаторыі ў Сочы, у Туапсэ, у Юрмале. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец сёлета ў лютым адпачываў у санаторыі “Баравое”. Ён распавядае пра льготы, якія маюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў:

(Скрабец: ) “Яны аплачваюць недзе 50 адсоткаў ад кошту пуцёўкі”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія кошты цяпер на пуцёўкі ў санаторыі?”

(Скрабец: ) “Я плаціў недзе 45 адсоткаў, аднак гэта залежыць ад заробку. На 20 дзён у санаторы “Баравое” — каля 300 тысяч”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце вы, дзе цяпер адпачываюць вашыя калегі?”

(Скрабец: ) “З нашай камісіі адзін чалавек паехаў у “Белую Русь” у Сочы. Дакладна не назаву прозьвішча, але нехта паехаў у Юрмалу. Летась я там адпачываў. Мне спадабалася, там добрыя ўмовы. Летась са мной адпачываў наш прэм’ер Навіцкі”.

На тле сёлетніх масавых кадравых перастановак многім высокім беларускім чыноўнікам проста не да адпачынку, бо ў любы момант іх могуць пазбавіць міністэрскага партфэля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG