Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“FRANKFURTER ALLGEMEINE ZEITUNG”: “БЕЛАРУСЬ І ЯЕ АДЗІНЫ НА ЎСЮ КРАІНУ ПРЭЗЫДЭНТ”


Ул. інф.

Ад восені ў вышэйшых школах Беларусі будзе ўведзены новы абавязковы прадмет — “Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы”. Глыбокае разуменьне Лукашэнкавай палітыкі мусяць мець ня толькі адмыслоўцы з унівэрсытэцкай адукацыяй. З мэтай шырокага распаўсюду ідэйнай асьветы Беларускай тэлевізіі нададзены статус цэнтральнага ідэалягічнага органу масавай інфармацыі.

А каб мець поўныя гарантыі таго, што ідэалягічнымі ведамі ахопленае ўсё насельніцтва краіны, кожны трэці чацьвер месяца ва ўсіх без выключэньня беларускіх прадпрыемствах будзе дзейнічаць гэтак званы бясплатны лекторы ў праблемах “беларускай мадэлі разьвіцьця”.

Як піша “Frankfurter Allgemeine Zeitung”, істотны элемэнт гэтак званай “беларускай мадэлі” ў тым, што прэзыдэнт можа быць толькі адзін на ўсю краіну. Насамрэч такі падыход нават больш арыгінальны, чым падаецца на першы погляд. Так, у суседняй Расеі існуе надзвычай вялікая колькасьць прэзыдэнтаў самых розных кампаніяў. Напрыклад, прэзыдэнт “Лукойлу”, бюджэт гэтага нафтавага канцэрну большы за ўвесь бюджэт Беларусі.

Беларускіх бізнэсоўцаў нават і параўноўваць цяжка з падобнымі расейскімі алігархамі. Большасьць зь іх знаходзяцца на мяжы банкруцтва, і не ў апошнюю чаргу з прычыны эканамічнай палітыкі, якую праводзіць Аляксандар Лукашэнка. Аднак, хто яго ведае, якія могуць узьнікнуць непаразуменьні, калі прадпрымальнікі па-ранейшаму будуць называцца прэзыдэнтамі. З гэтай мэтай Аляксандар Лукашэнка і пастанавіў, каб ад 1 жніўня тытул прэзыдэнта належаў толькі яму.

Паводле “Frankfurter Allgemeine Zeitung”, пакуль невядома, ці тычыцца гэты загад толькі айчынных прэзыдэнтаў банкаў і кампаніяў, альбо таксама і тых замежных інвэстараў, якія хочуць рабіць бізнэс у Беларусі, і пры гэтым, на сваё няшчасьце, таксама завуцца прэзыдэнтамі. У любым выпадку беларускі лідэр ужо даў тое-сёе зразумець тым нямногім кіраўнікам замежных кампаніяў, якія знаходзяцца ў Беларусі: “Нам не патрэбныя замежныя інвэстыцыі ў вытворчасьць харчоў”, — зазначыў ён.

Акрамя антыпатыяў да прэзыдэнтаў замежных інвэстыцыйных кампаніяў, Лукашэнка мае і іншыя падставы для абгрунтаваньня сваіх дзеяньняў. Размова ідзе пра нацыянальную бясьпеку краіны і пра тое, што замежнікі ня здольныя задаволіць беларусаў. “Што яны маглі б нам прапанаваць: сыр, масла, вяршкі, піва?” — пытаецца ён.

Два гады таму зь Беларусі ўжо быў выстаўлены піцерскі піўны канцэрн “Балтыка”. Гэтае расейскае прадпрыемства мела намер купіць беларускую піўную вытворчасьць і мадэрнізаваць яе. Аднак пасьля таго, як “Балтыка” інвэставала ў Беларусь 10 мільёнаў даляраў, яна мусіла пакінуць краіну.

У сваім нядаўнім інтэрвію расейскай тэлекампаніі НТВ беларускі лідэр растлумачыў свае дзеяньні наступным чынам: піцерскія вытворцы ў сваіх тэхналёгіях адышлі ад старых добрых расейскіх традыцыяў і цяпер вырабляюць піва згодна зь нейкімі амэрыканскімі ды іншымі замежнымі рацэптамі. Канечне ж, прэзыдэнт Беларусі мусіць абараняць свой народ ад гэтага. Што да прэзыдэнта “Лукойлу”, то зь ім прэзыдэнт Лукашэнка павінен знайсьці агульную мову, інакш узімку ў беларускіх кватэрах будзе халодна.

Як зазначае “Frankfurter Allgemeine Zeitung”, у любым выпадку Лукашэнка мае да ўсяго яшчэ адно вельмі пачэснае званьне, якім ён вельмі ганарыцца і якое ў яго ніхто ня можа адабраць. Гэта званьне “бацькі” — менавіта так яго завуць у народзе. На жаль, “бацькаў” у Беларусі існуе значна болей, чым прэзыдэнтаў, і нават адзіны на ўсю краіны галоўны бацька ня можа гэтага забараніць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG