Пра тое, што амбасады Ізраілю ў Менску ня будзе, вядома даўно, амбасада ўжо спыніла прыём дакумэнтаў на атрыманьне візаў. Але афіцыйная нота зь Ерусаліму на гэты конт прыйшла толькі ўчора. МЗС Ізраілю накіравала ліст у МЗС Беларусі аб тым што “ў сувязі з экананамічнымі праблемамі й скарачэньнем бюджэтных выдаткаў ды фінансавымі цяжкасьцямі, што ўзьнікаюць у сувязі з гэтым, прынятае рашэньне аб закрыцьці шэрагу дыпляматычных прадстаўніцтваў Ізраілю за мяжой, у тым ліку амбасады ў Беларусі, шэрагу амбасадаў у Афрыцы, генконсульства ў Індыі, сталага прадстаўніцтва пры ЮНЭСКА”.
МЗС Беларусі ў сваёй заяве назваў гэты крок Ізраілю “контарпрадуктыўным” для беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва, які абцяжарыць дзейнасьць міжнародных габрэйскіх арганізацыяў і пашкодзіць інтарэсам грамадзянаў. “Беларускі бок пакідае за сабою права зрабіць крокі ў адказ у парадку ўзаемнасьці”. У беларускай амбасадзе ў Тэль-Авіве ўспрынялі гэтыя словы як пагрозу закрыцьця сваёй установы. Гаворыць беларускі дяплямат, акрэдытаваны ў Ізраілі, Аляксандар Панамароў:
(Панамароў: ) “Ну, напэўна ідзе размова аб тым, што зачыняць беларускую амбасаду тут, гэта дыктуецца законамі дыпляматыі, прынцыпамі дыпляматыі, прынцыпам узаемнасьці… Але я ня маю права выказваць сваю пазыцыю, таму што гэта пазыцыя найперш нашага Міністэрства замежных справаў”.
Усяго ў амбасадзе Беларусі ў Ізраілі працуе шэсьць дыпляматаў і шэраг работнікаў тэхнічнага пэрсаналу, амбасада мае ўласны шасьціпавярховы будынак і ўчастак зямлі. Яна выдае штогоду каля сямі тысяч візаў, кошт якіх акупляе выдаткі на ўтрыманьне амбасады.
У МЗС Беларусі пакуль няма канчатковага рашэньня наконт дэкляравааных крокаў у адказ на рашэньне Ізраілю. Гаворыць прадстаўнік інфармацыйнай управы МЗС Беларусі Андрэй Шупляк:
(Шупляк: ) “У МЗС вядзецца аналіз сытуацыі, што склалася пасьля закрыцьця амбасады Ізраілю. Тут могуць быць самыя розныя варыянты. А пра канкрэтыку проста яшчэ рана казаць”.
Начальнік упраўленьня Азіі і Афрыкі МЗС Беларусі Аляксандар Гур’янаў даў больш падрабязную інфармацыю пра магчымасьць закрыцьця беларускай амбасады ў Ізраілі:
(Гур’янаў: ) “Пакуль канкрэтных рашэньняў няма. Але ўлічваючы інтарэсы нашых грамадзянаў там, хутчэй за ўсё, аб закрыцьці размова ня будзе ісьці. Але адэкватныя захады маюць на ўвазе, што ўзровень тых жа консульскіх паслугаў павінен адпавядаць… Улічваючы, што ў сувязі з закрыцьцём амбасады Ізраілю тут узровень паслугаў, якія даюцца ізраільскім дыппрадстаўніцтвам грамадзянам Беларусі, будзе зусім іншы, не такі, які даецца нашай амбасадай у Ізраілі, таму верагодныя нейкія крокі дзеля скарачэньня аб’ёму дзейнасьці нашай замежнай установы там”.
У МЗС Ізраілю адмаўляюцца камэнтаваць заяву і магчымыя дзеяньні ў адказ зь беларускага боку. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Ізраілю Дэвід Саханга:
(Саханга: ) “Вы ведаеце, у дыпляматыі не падаюць дэклярацыяў адносна нейкіх спэкуляцыяў… Адзінае, што я магу сказаць, гэта тое, што прычына закрыцьця ізраільскай амбасады ў Менску — эканамічная. Абсалютна ніякіх палітычных прычынаў. Амбасада ў Менску закрываецца сярод іншых дыпляматычных прадстаўніцтваў па ўсім свеце, якія закрываюцца альбо якія будуць закрытыя ў будучыні”.