Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ БЕЛАРУСЫ АДДАЛІ КАСЬЦЮШКУ ПАЛЯКАМ


Ігар Карней, Менск

Конная скульптура Тадэвуша Касьцюшкі ў цэнтры Чыкага зьявілася ў жніўні 1978 году з ініцыятывы польскай дыяспары — дарэчы, колькасна самай вялікай пасьля мэксыканскай. Зусім натуральна, што на велічным манумэнце сярод пераліку вайсковых заслугаў генэрала па-польску напісана: “Вялікаму грамадзяніну Польшчы і ЗША”. Ні слова пра тое, што Касьцюшка — беларус, што нарадзіўся ён у фальварку Мерачоўшчына на Берасьцейшчыне, што неаднойчы вяртаўся на радзіму і жыў там. Амэрыканскія палякі не пазначылі на пастамэнце, што паўстаньне 1794 году, якое ён ачоліў, было нацыянальна-вызвольным аднолькава як для палякаў, гэтак і беларусаў. І што самы дзейны чын бралі ў ім беларусы.

Зрэшты, Касьцюшка — не адзіны, каго стагодзьдзямі ня могуць падзяліць паводле нацыянальнай прыналежнасьці беларусы і палякі. Тое ж тычыцца і Міцкевіча, і Ажэшкі, і Агінскага. Але ў той час, як палякі актыўна прапагандуюць у сьвеце “сваіх”, зь іхнага гледзішча, нацыянальных герояў, беларусы ў шэрагу выпадкаў ледзьве не добраахвотна адмаўляюцца ад уласных знакамітых продкаў.

Такога меркаваньня трымаецца сакратарка Беларускага каардынацыйнага камітэту ў Чыкага Вера Жызьнеўская. Пра свае пачуцьці падчас адкрыцьця помніка “польска-амэрыканскаму грамадзяніну” Касьцюшку яна распавядае так:

(Жызьнеўская: ) “Балела сэрца, але што мы маглі зрабіць? Тут увесь час афішуецца, што Касьцюшка паляк — маўляў, гэта першы паляк, які даслужыўся да генэральскага чыну ў Амэрыцы. Бяда ў тым, што беларусы не дамагаюцца свайго, сваёй праўды. Нашыя людзі працавалі шмат для каго. І проста аддаюць свае таленты чужым нацыям. І гэта найгоршая бяда — самі ня цэнім свайго. А сваё цаніць мусім. Дарэчы, помнік адразу стаяў у Гамбуль-парку, а потым яго перанесьлі да самага Мічыгану, бліжэй да гэтак званай польскай сэкцыі. Цяпер, праўда, у гэтым месцы больш мэксыканцаў жыве. Так што, усё памянялася”.

Але ня вельмі мяняецца стаўленьне беларусаў да сваіх нацыянальных герояў як у самой Беларусі, гэтак і на чужыне, у эміграцыі, — лічыць былы старшыня беларускага каардынацыйнага камітэту Вітаўт Рамук.

(Рамук: ) “Найбольшая актыўнасьць беларусаў прыпадае на 1960–70-я гады, калі былі людзі, фізычна здольныя да працы”.

(Карэспандэнт: ) “Але чаму, на ваш погляд, калі палякі жывуць разам, трымаюцца адзін другога, украінцы маюць свае калёніі, то беларусы адпачатку адасобленыя. І маладыя, якія цяпер прыяжджаюць, таксама не папаўняюць шэрагі беларусаў?”

(Рамук: ) “Сапраўды, украінцы некалькі гадоў таму заснавалі village, уласную вёску. Палякаў у Чыкага жыве амаль столькі, колькі ў Варшаве. А беларусы заўсёды былі расьцярушаныя па горадзе. Да таго ж, міжваенная эміграцыя была пераважна заробкавая, працоўная. Кантакты зь імі былі вельмі цяжкія, яны больш былі радыкалізаваныя: у часе вайны тут досыць моцна працавала савецкая амбасада, і зь імі было мала кантактаў”.

Ля помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Чыкага заўсёды шмат людзей. Усе ахвотна фатаграфуюцца: скульптура вершніка сапраўды вельмі эфэктная, а заслугі генэрала перад Амэрыкай уганараваныя яшчэ 220 гадоў таму Кангрэсам ЗША. Апроч усяго, гэта своеасаблівае месца паломніцтва палякаў: польская мова тут — звычайная. А вось беларусы, якія ў Чыкага жывуць даволі адасоблена і нават ня могуць сказаць, колькі іх там ёсьць, такога нацыянальна афарбаванага месца ў шматмільённым горадзе ня маюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG