Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭКАНСТРУКЦЫЯ ПЛОШЧЫ ПЕРАМОГІ ВЯДЗЕЦЦА ПАСКОРАНЫМІ ТЭМПАМІ

Ганна Соусь, Менск

Тое, што абэліск на плошчы Перамогі крыху нахілены ўбок, бачна пры ўважлівым аглядзе нават не адмыслоўцам. Экспэрты Навукова-дасьледчага будаўнічага інстытуту індустрыі ладзілі адмысловае дасьледаваньне стану помніку ў 1986, 1988 і апошні раз ў 2000 годзе. Было зробленае наступнае заключэньне — няма пагрозы, што помнік можа абваліцца.

Аднак у выніку ўзьдзеяньня вібрацыі мэтро зьявілася шмат хібаў, якія патрабуюць неадкладнага выпраўленьня. Прыкладам, разбураныя швы паміж гранітнай абліцоўкай, туды трапляе вада й вымывае цэмэнтныя кампанэнты. Гэта адбіваецца на зьнешнім выгладзе, і ня толькі. Паводле адмыслоўцаў Навукова-дасьледчага будаўнічага інстытуту індустрыі, пры працяглым узьдзеяньні гэта можа адбіцца на трываласьці помніка.

Што да ўхілу помніка, то, паводле адмыслоўцаў, якія назіралі за абэліскам на працягу году, помнік нязначна хістаецца ў розныя бакі. На гэта ўплываюць і вібрацыі мэтрапалітэну, які пабудаваны фактычна пад помнікам, і тэмпэратурны рэжым.

Рэканструкцыя помніка на плошчы Перамогі павінна была распачацца яшчэ ў 1988 годзе, тады нават усталявалі рыштаваньні ля помніка. Аднак у той час павінна была адбыцца кастрычніцкая дэманстрацыя, і ўлады вырашылі, што рыштаваньні сапсуюць выгляд плошчы, і іх прыбралі. Такім чынам, рэстаўрацыя распачалася толькі праз 15 гадоў. Як паведаміла мне ўчора Галіна Дубовік з прадпрыемства “Гаррэмаўтадор”, якая вядзе тэхнічны нагляд за рэканструкцыяй, папярэдні яе кошт складзе 1 мільярд 800 мільёнаў рублёў.

Помнік праектавалі вядомыя беларускія архітэктары паваеннага пэрыяду Ўладзімер Кароль і Георгі Заборскі, а аўтарамі гарэльефаў былі знакамітыя скульптары Азгур, Бембель і Глебаў. Узьведзены ён быў у 1954 годзе. Варта адзначыць, што стаіць помнік у даволі нізкім месцы, тады як для ўсталяваньня падобных стэлаў звычайна абіраюць пагоркі.

І яшчэ адна цікавая дэталь, што да архітэктурных адметнасьцяў помніку. Вядомая традыцыя ў Менску, калі маладыя перад вясельлем прыяжджаюць на плошчу Перамогі ўскласьці кветкі да вечнага агню і тым самым падзякаваць тым, хто загінуў у часе другой усясьветнай вайны. Аднак у гэтым рытуале ёсьць і яшчэ адзін аспэкт — абэліск зьяўляецца свайго роду фалічным сымбалем, сымбалем падаўжэньня роду, што напэўна падсьвядома прываблівае маладых.

Раней плянавалася, што рэканструкцыя плошчы Перамогі скончыцца да новага году. Аднак менскія ўлады вырашылі паскорыць працэс і завершыць яе ўжо ў кастрычніку Я размаўляла з будаўнікамі, якія працуюць на плошчы Перамогі, і яны паведамілі мне, што працы ідуць вельмі актыўна, без выходных. Цяпер усталёўваюцца рыштаваньні ля абэліску. Будзе адноўлены ордэн Перамогі, бронзавыя гарэльефы і вянкі. На плошчы будзе ўсталяваная сучасная падсьветка. Прыступкі, якія вядуць на ніжэйшы ўзровень, будуць падагравацца.
XS
SM
MD
LG