Яшчэ ў сакавіку на нарадзе ў пытаньнях ідэалёгіі Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў кіраўніцтва інфармацыйнага ведамства ў тым, што дзяржаўныя СМІ страчваюць аўдыторыю, тады як колькасьць недзяржаўных мэдыяў расьце. Адказнасьць за гэта была ўскладзеная пэрсанальна на Міхаіла Падгайнага.
Лукашэнка заявіў, што міністэрства “выступае ў ролі статыста і назіральніка” і запатрабаваў ад міністра правесьці “інвэнтарызацыю ўсіх наяўных у краіне інфармацыйных рэсурсаў”. Ад таго часу дзейнасьць міністэрства пад пільнай увагай Лукашэнкі, а ў само ведамства была накіраваная адмысловая камісія з генэральнай пракуратуры. Дарэчы, па выніках праверкі кантрольныя органы спагналі з прадпрыемстваў міністэрства амаль 210 мільёнаў рублёў штрафных санкцыяў, а Лукашэнка даручыў пракуратуры зрабіць “самыя жорсткія захады” ў справе навядзеньня парадку ў сыстэме міністэрства.