Раніцай у двары ліцэю зьявіліся пяцёра добра апранутых мужчынаў, якія назваліся будаўнікамі і паведамілі, што будуць рабіць рамонт. Намесьніца дырэктара ў гаспадарчых справах папрасіла іх паказаць адпаведныя дакумэнты і накіраваньне на рамонтныя работы. Тыя адмовіліся, спаслаўшыся на нейкае вуснае распараджэньне Міністэрства адукацыі. Ля будынку сабраліся некалькі дзясяткаў ліцэістаў і іх бацькоў. Будаўнікі размаўляць зь імі адмовіліся. Радыё Свабода рамонтнікі паведамілі, што будуць рабіць не капітальны, а касмэтычны рамонт.
(Будаўнік: ) “Мы прыйшлі, каб пачаць будаўнічыя работы. Мы паставім рыштаваньні, а потым будзем фарбаваць будынак. Унутраныя працы таксама будзем рабіць. Толькі пафарбуем сьцены, і ўсё. Гэта касмэтычны рамонт. Скончым працу нейдзе ў верасьні”.
Бацькі паведамілі будаўнікам, што пакуль ня ўбачаць дакумэнтаў на правядзеньне рамонту, працаваць не дазволяць.
(Зімніцкая: ) ”Мы папрасілі іх не рабіць гэтых работаў, бо яны незаконныя і могуць прывесьці да разбурэньня будынку. Нашым дзецям літаральна няма дзе вучыцца. Менгарвыканкам не знайшоў памяшканьня, дзе б нашы дзеці здолелі працягнуць навучаньне ў сваіх выкладчыкаў. Таму мы будзем ладзіць перашкоды, каб ня даць разбурыць будынак. Гэта адзінае памяшканьне, дзе могуць вучыцца дзеці. Графік дзяжурстваў складзены, і калі будзе рэальная пагроза разбурэньня — зьбяруцца ўсе бацькі”.
Тым часам з адміністрацыі Лукашэнкі прыйшлі прадстаўнікі бацькоўскай рады, дзе сустракаліся з намесьнікам кіраўніка адміністраці спадаром Праляскоўскім. Бацькі прасілі вырашыць станоўча пытаньне аб захаваньні калектыва ліцэю. Гаворыць Анатоль Шаршнёў:
(Шаршнёў: ) “Праляскоўскі адказаў, што пытаньне вырашаў Савет міністраў, гэта ягоная кампэтэнцыя, і яны падтрымліваюць гэтую пазыцыю. Не прынялі нашых прапановаў. Мы паведамілі, што 1 верасьня прыйдзем у гэты будынак. Мы казалі ім, што нашых дзяцей выкінулі на вуліцу. На гэта яны адказалі, што нікога не выкідалі, а дзеці могуць атрымаць адукацыю ў любым ліцэі. Мы акцэнтавалі ўвагу на тым, што ліцэй унікальны, што ўнікальныя выкладчыкі і распрацаваныя праграмы. Але іх катэгарычная пазыцыя была такая, што ўсё застаецца так, як зроблена”.
Прадстаўнікі бацькоўскай рады пасьля размовы ў адміністрацыі Лукашэнкі пайшлі ў Міністэрства адукацыі. Ім адмовілі ў сустрэчы зь міністрам Пятром Брыгадзіным, але запісалі на прыём.