Кіраўнік Менскага прадстаўніцтва Амэрыканскай рады ў міжнародных дасьледаваньнях і абменах (IREX) Боб Артэга пацьвердзіў, што ягоны офіс рыхтуецца да закрыцьця згодна з патрабаваньнямі МЗС:
(Артэга: ) “Так, мы рыхтуемся да закрыцьця, але па-ранейшаму абскарджваем рашэньне беларускіх уладаў у судзе”.
Першую скаргу на рашэньне Міністэрства замежных справаў аб адмове ў працягу акрэдытацыі IREX накіраваў у Вышэйшы гаспадарчы суд 25 ліпеня. У панядзелак яны атрымалі адказ: фактычна прадстаўніцтву IREX адмовілі ў прыёме заявы і вярнулі пададзеныя ў суд дакумэнты. У IREX мяркуюць, што судовыя органы адмыслова зацягваюць час. Але і гэтае судовае вызначэньне будзе абскарджанае на імя старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду, — паведаміла юрыст IREX Ірына Аўчыньнікава.
(Аўчыньнікава: ) “Мы зараз абскардзім гэтае судовае вызначэньне ў сувязі з тым, што суд адмовіўся прыняць дакумэнты на зусім надуманай падставе. Суд палічыў, што той дакумэнт, які нам прыслаў МЗС, гэта не рашэньне, якое можна абскардзіць. МЗС мы прасілі і пісьмова, і вусна выдаць нам рашэньне, але вусна яны нам адказалі, што гэта і ёсьць рашэньне. Пісьмова ж яны нам адмаўляюцца адказваць увогуле”, — паведаміла юрыст IREX Ірына Аўчыньнікава.
Яна зазначыла, што МЗС які абвінаваціў IREX у парушэньні заканадаўства, сам парушае закон, не даючы адказу цягам 10 дзён на іх афіцыйныя звароты. IREX не дачакаўся адказу ад МЗС і на свой зварот з просьбай падоўжыць тэрмін закрыцьця, бо супрацоўнікам офісу даводзіцца працаваць 12 гадзінаў на суткі, каб згарнуць усе праекты.
У МЗС ня хочуць прызнаваць, што парушаюць закон, не адказваючы на звароты з прадстаўніцтва IREX. Гаворыць начальнік аддзелу інфармацыйнай управы МЗС Беларусі Андрэй Шупляк:
(Шупляк: ) “МЗС адмовіў у працягу тэрміну дзеяньня дазволу на адкрыцьцё гэтага прадстаўніцтва. Цяпер прадстаўніцтва выконвае арганізацыйныя працэдуры, зьвязаныя з афармленьнем свайго закрыцьця ў Беларусі. Вось усё, што я магу сказаць”.
Юрыст IREX Ірына Аўчыньнікава кажа, што нягледзячы на разгляд іх скаргаў у Вышэйшым гаспадарчым судзе, арганізацыя спыняе сваю дзейнасьць у Беларусі.
(Аўчыньнікава: ) “Мы сваю дзейнасьць з 7-га чысла цалкам згортваем, мы ня маем права ўвогуле тут нічога рабіць, акрамя падрыхтоўкі да здачы дакумэнтаў у архіў. Таму мы ня будзем парушаць гэтага парадку, ня хочам, каб да арганізацыі ўжывалі нейкія санкцыі”.