У адпаведнасьці з прагнозам сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны, беларускі ўрад плянуе давесьці да канца 2003 году сярэдні заробак у краіне да 150 даляраў. Пакуль сярэдняя заработная плата ў Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, складае каля 125 даляраў. Я запыталася ў выпадковых мінакоў, ці атрымліваюць яны столькі й ці давяраюць афіцыйным статыстычным зьвесткам.
(Спадар: ) “Я ўжо тры месяцы атрымліваю заробак 110 даляраў. Працую на чыгунцы, праца цяжкая, але ніхто пра гэта не клапоціцца, ні нашыя начальнікі, ніхто. Маю сям’ю, жонка не працуе, сядзіць з маленькай дачкой. Майго заробку хапае толькі на тое, каб купляць ежу”.
(Другі спадар: ) “Заробкі вельмі адрозьніваюцца. Залежаць ад таго, хто як хоча працаваць і зарабляць”.
(Трэці спадар: ) “У прынцыпе, давяраю. Таму што вельмі шмат людзей могуць цяпер больш зарабляць у Беларусі ў некаторых сфэрах дзейнасьці. Цяпер я ўтрымліваю жонку з малым дзіцём. Каб жонка працавала, мы атрымлівалі бы больш, і жылі б цудоўна”.
(Чацьверты спадар: ) “Я прыкладна каля гэтага зарабляю, але блізкія мае атрымліваюць каля 100 даляраў і менш”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці хапае вам заробку? На што ён ідзе?”
(Чацьверты спадар: ) ”У асноўным, на харчаваньне, а так трэба заціскаць паясок”.
(Спадарыня: ) “На харчаваньне й выплату камунальных паслугаў”.
(Спадар: ) “Такім зьвесткам я не давяраю, таму што звычайнаму чалавеку зарабіць за месяц 150 даляраў вельмі цяжка”.
(Другі спадар: ) “Я ня веру гэтым зьвесткам. Сярод маіх знаёмых ёсьць людзі, якія жывуць даволі бедна. Я сам мастак, і мае знаёмыя мастакі збольшага зарабляюць меней за 100 даляраў. Не заўсёды прадаюцца творы. Ёсьць, праўда, і тыя, што добра зарабляюць, але такіх вельмі мала”.
(Спадарыня: ) “Дацэнт ва ўнівэрсытэце атрымлівае 123 тысячы”.
(Спадар: ) “200 тысяч — гэта добры заробак. Мой школьны сябра, чыноўнік зарабляе 300 тысяч. Дык гэта камітэт!.. А настаўнікі, бюджэтнікі зарабляюць зусім мала”.
(Спадарыня: ) “Калі браць у сярэднім, то адпавядае. Я арыентуюся на свой заробак і заробак сваіх знаёмых”.
(Карэспандэнтка: ) “А на што хапае вашага заробку?”
(Спадарыня: ) “Ні на што лішняе, аднак неабходнае ў мяне ёсьць”.
(Другая спадарыня: ) “Хлеб, малако, макароны”.
Гэткія меркаваньні мінакоў наконт сваіх заробкаў.