Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“NEUE ZUERCHER ZEITUNG” — ПРА КНІГУ ШУШКЕВІЧА “HЭАКАМУНІЗМ У БЕЛАРУСІ”


Ул. інф.

Рэцэнзія Штэфана Гайдэнгайна зьвяртае ўвагу чытачоў адметным загалоўкам “Камуністычны рэванш у Беларусі”. Як піша нямецкі аўтар, падобна як Ельцын і Краўчук, Шушкевіч мог бы таксама пісаць палітычныя мэмуары пра лёсавызначальны 1991 год. Ён мог ня менш паведаміць пра тое, як у выніку белавескіх пагадненьняў развалілася вялікая савецкая імпэрыя.

Аднак Шушкевіч піша пра тое, чаму пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў Беларусі нэакамуністам усё ж удалося ўзяць рэванш. Былы кіраўнік беларускага парлямэнту імкнецца прааналізаваць унутраную палітыку маладой беларускай дзяржавы ад 1991 году па сёньня, адказаць на пытаньне, чаму ягоная краіна, якая на пачатку 1990-х мела добрую стартавую пляцоўку для дэмакратычных пераўтварэньняў, у сярэдзіне 1990-х пачала рухацца ў бок бяспраўя, аўтарытарызму, самаізаляцыі. У якасьці галоўнай прычыны называецца наступная: тагачасная намэнклятура ня ўбачыла ў незалежнасьці неабходнасьці, а таму згубіла гістарычны для нацыі шанец.

Канстытуцыя 1994 году, паводле якой парлямэнцкая Беларусь ператваралася ў Беларусь прэзыдэнцкую, пісалася пераважна для былога прэм’ера Кебіча. Аднак у выніку выбараў перамог Лукашэнка і іншыя прадстаўнікі нэакамуністычнага рэваншу.

“Neue Zuercher Zeitung” зьвяртае ўвагу чытачоў на асобныя моманты аўтарытарнага разьвіцьця Беларусі, прыводзіць адпаведныя прыклады таго, як у краіне пасьля 1994 году пачалі зьнішчацца ўсе дэмакратычныя інстытуты, як, у прыватнасьці сталі абмяжоўвацца свабода слова дый іншыя грамадзянскія правы, як скасоўваліся незалежны суд і мясцовае самакіраваньне, як у сацыяльнай, эканамічнай і адміністратыўнай сфэрах пачало назірацца самавольства, як зьявілася прэзыдэнцкая вэртыкаль.

“Neue Zuercher Zeitung” піша, што аўтар кнігі “Нэакамунізм у Беларусі” Станіслаў Шушкевіч ня мае ніякіх ілюзіяў адносна ролі Расеі. “Падчас путчу ў Беларусі ў 1996 і ў часе прэзыдэнцкіх выбараў у 2001-га Масква трымала бок Лукашэнкі. У дачыненьні да беларускага лідэра дзейнічаў вядомы тэзыс: сукін сын, але свой”.

Цяперашні час Шушкевіч называе сумным для Беларусі: беларуская апазыцыя апынулася сам-насам са сваімі праблемамі і вымушаная знаходзіцца паміж цынічнай палітыкай Расеі і індыфэрэнтнай палітыкай Захаду. Аднак, тым ня менш, Шушкевіч верыць у тое, што пазытыўныя эканамічныя і грамадзкія працэсы ў Расеі могуць станоўча паўплываць на разьвіцьцё Беларусі, — піша швайцарскае выданьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG