Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“І ТЧЭ, ЗАБЫЎШЫСЯ, РУКА...” ЗНОЎ АЗІЯЦКІЯ ЎЗОРЫ


Ігар Карней, Менск

Камбінатаўскія супрацоўнікі распавядаюць, што, каб не замовы зь Сярэдняй Азіі, відавочна, давялося б абвяшчаць прадпрыемства банкрутам. Габэлены ўжо год дзесяць страцілі папулярнасьць у сьвеце, і інтарэс да іх фактычна зьнік. Лёс занесенага ў “Кнігу рэкордаў Гінэса” “Габэлену стагодзьдзя” Аляксандра Кішчанкі (ягоны памер 12х18 мэтраў), таксама, дарэчы, выкананага ў Барысаве — таму яскравае пацьверджаньне. Вялізнае палатно псуецца ў майстэрні мастака, паступова ператварыўшыся ў ежу для молі.

Таму кожную замову на габэлен як асабістае сьвята ўспрымаюць ня толькі на самім камбінаце, але і ў кіраўніцтве Саюзу мастакоў. Старшыня Саюзу Ўладзімер Басалыга адносіць да сталых партнэраў камбінату перадусім Узбэкістан — цягам апошняга часу гэта ўжо другая значная замова для палацаў прэзыдэнта Карымава.

(Басалыга: ) “Мы зараз другую замовы туды робім. Выткаць яны нешта падобнае ня могуць. Уручную ткуць дываны, але габэлены ня ўмеюць. Таму камбінат вельмі рады, што зноў працуе. Зрэшты, пытаньне высокай мастацкасьці не стаяла, бо перасьледавалі найперш мэту зарабіць грошы. Сума сапраўды значная, і дазваляе выкруціцца з эканамічных путаў — 50 тысяч даляраў. Пасьля таго, як разваліўся Саюз, дзяржаўныя замовы былі, але моцнага аб’ёму няма. Таму праца паводле існоўных расцэнак вартая, каб яе рэклямаваць”.

Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва ствараўся на загад мастацкага фонду Саюзу ССР, і лічыўся ўсесаюзнай базай у вырабе габэленаў. Але цяпер унікальная вытворчасьць і кваліфікаваны пэрсанал выканаўцаў практычна нікім не запатрабаваныя.

(Басалыга: ) “Для Беларусі гэтая база аказалася вельмі вялікай. Утрымліваць яе надзвычай цяжка. Палац рэспублікі “апранулі”, а далей замоваў няма — каштуе дорага, ня кожны можа і пацягнуць. Раней нават раённы горад, дзе палац узводзілі, знаходзіў сродкі, заслону замаўлялі”.

(Карэспандэнт: ) “Але ці можна сказаць, што мастацтва габэленаў ад пачатку бліжэйшае да азіяцкай культуры — гэтак жа, як і дываны?”

(Басалыга: ) “Ведаеце, не. Каранямі яны ідуць да эўрапейскіх габэленаў-шпалераў. У Эўропе колісь гэта квітнела вельмі моцна. Толькі розьніца ў тым, што тады было выткана шаўковымі ніткамі. Гэта мастацтва дэкаратыўна-прыкладное, а ў нейкім сэнсе і манумэнтальнае”.

Пакуль што барысаўскі камбінат залежыць ад рэгулярнасьці замоваў з боку ўзбэцкіх партнэраў. Супрацоўнікі жартуюць, што ўзбэцкія матывы на палатне цяпер іх больш радуюць, чым беларускія — маючы на ўвазе перадусім наўпроставую залежнасьць ад аплаты за працу. І ў думках жадаюць, каб Іслам Карымаў працягваў будаваць прэзыдэнцкія палацы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG