Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ АДБЫЛОСЯ НОВАЕ ПАСЕДЖАНЬНЕ Ў СПРАВЕ ЛІКВІДАЦЫІ БЕЛАРУСКАГА ПРАФСАЮЗУ АВІЯЦЫЙНЫХ ДЫСПЭЧАРАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Высокія чыноўнікі заяўляюць, што, нібыта, малалікасьць сяброў у шэрагах прафсаюзу авіядыспэчараў парушае прэзыдэнцкі дэкрэт аб дзейнасьці палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і прафсаюзаў. Адказчыкі накіравалі ў Вярхоўны суд сустрэчны пазоў аб незаконнасьці ліквідацыі грамадзкай структуры. Аднак судзьдзя Жукоўская ўсе звароты й хадайніцты авіядыспэчараў пакінула без задавальненьня.

Новае паседжаньне распачалося допытам некаторых авіядыспэчараў, якія засьведчылі, што яшчэ задоўга перад пачаткам судовага працэсу, адміністрацыя Дзяржкамітэту авіяцыі распачала непрыхаваны ціск на чальцоў незалежнай суполкі з патрабаваньнем пакінуць шэрагі прафзьвязу. Гаворыць Юры Пазьняк:

(Пазьняк: ) “Тое, што ціск на прафсаюз існуе, то яно ёсьць. У мяне таксама быў прэцэдэнт: кажуць – выходзь, а то кватэру ня ўбачыш. І цяпер, калі рашэньне суду будзе супраць прафсаюзу, то ціск толькі павялічыцца”.

З гэтай нагоды прадстаўнікі авіядыспэчараў хадайнічалі перад судом аб выкліку кіраўніка Дзяржкамітэту спадара Іванова для тлумачэньня падобных фактаў, аднак судзьдзя Жукоўская гэтую просьбу пакінула без задавальненьня. Акрамя таго, яна адхіліла сустрэчны пазоў авіядыспэчараў аб незаконнасьці скасаваньня прафзьвязу на падставе колькасьці сяброў арганізацыі й праігнаравала заяву адказчыкаў пра недавер суду. Вось як гэта пракамэнтаваў кіраўнік прафзьвязу авіядыспэчараў Юры Мігуцкі:

(Мігуцкі: ) “Мы чарговы раз пераконваемся, што з боку судзьдзі будзе перадузятае стаўленьне ў вырашэньні гэтага пытаньня. І адхіленьне нашых хадайніцтваў таму пацьверджаньне”.

Пасьля нядаўняй канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы, якая ў адмысловым параграфе адзначыла ўмяшальніцтва афіцыйных уладаў Беларусі ў дзейнасьць прафсаюзаў, новы наступ на зьвяз авіядыспэчараў сьведчыць пра тое, што перасьлед незалежнага руху ў краіне працягваецца – кажа лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Мы ведаем, чаго дамагаецца нашая вярхоўная ўлада – дамагаецца свайго ўвекавечаньня, дзе няма месца грамадзкім аб’яднаньням. Але мы гатовыя адстойваць прынцыпы дэмакратыі й свабоды ў нашай краіне”.

Апошнюю кропку ў справе ліквідацыі незалежнага прафсаюзу авіядыспэчараў Вярхоўны суд мусіць паставіць цягам найбліжэйшых дзён.
XS
SM
MD
LG