Паводле калектыўнай дамовы, рабочыя мелі права на 32 дні адпачынку, але атрымлівалі толькі па 25 дзён. Гэтае скарачэньне датычыла ўсіх працаўнікоў. 35 рабочых напісалі скаргу ў камісію працоўных спрэчак, але адміністрацыя прымусіла большасьць адклікаць свае подпісы. Тады два зь іх зьвярнуліся ў суд.
Судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Аляксандар Падалянчык абгрунтаваў сваю адмову прыняць пазоў да адміністрацыі “Хімвалакна” наступным чынам: ён палічыў, што 25 дзён — паўнаварты адпачынак, бо працоўны кодэкс адно забараняе адпачынкі, меншыя за 21 дзень. Судзьдзя таксама зазначыў, што рабочыя запозна зьвярнуліся ў суд. Яны мелі права падаваць пазоў цягам трох месяцаў пасьля таго, як даведаліся аб зьмяншэньні сваіх адпачынкаў. Праўда, гэта не перашкодзіла сп. Падалянчыку правесьці поўны разбор справы ў судовым паседжаньні.