Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАТРЭБНЫ РЭФЭРЭНДУМ І ЦІ БУДУЦЬ МЕНЧУКІ Ў ІМ УДЗЕЛЬНІЧАЦЬ?

Альгерд Невяроўскі, Менск

Думкі апытаных менчукоў што да таго, ці патрэбны Канстытуцыйны рэфэрэндум і ці будуць яны ўдзельнічаць у такім плебісцыце, падзяліліся. Аднак большасьць апытаных лічыць, што Аляксандар Лукашэнка не павінен заставацца прэзыдэнтам на трэці тэрмін:

(Дзяўчына: ) “Не, я ня думаю, што мы будзем у ім удзельнічаць. Я не зацікаўленая ў гэтым”.

(Карэспандэнт: ) “А ці патрэбны такі рэфэрэндум?”

(Дзяўчына: ) “Ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “А вы як лічыце?”

(Яе сяброўка: ) “Я лічу, што ён відаць патрэбны, але я таксама ня буду ў ім удзельнічаць”.

(Пэнсыянэрка: ) “Ну пэўна ж пайду. І Лукашэнка мне вельмі падабаецца, і ўвогуле мне ўсё падабаецца. Хаця я й пэнсіянэрка”.

(Хлопец: ) “Гэта сапраўдны жах. Ніякага рэфэрэндуму нельга праводзіць”.

(Яго сяброўка: ) “Так буду ўдзельнічаць, але ні ў якім выпадку нельга яго арганізоўваць, таму, што сумленна ён ня пройдзе”.

(Спадар: ) “Я лічу, што рэфэрэндум не патрэбны, бо ад народу ў нас нічога не залежыць. Як адбыўся той рэфэрэндум, так пройдзе й гэты. Хутчэй за ўсё, я не пайду на яго”.

(Іншы спадар: ) “Ведаеце, наўрад ці пайду. Я ў апошнія гады ўвогуле ні ў чым ня ўдзельнічаю. А ці патрэбны ён нашым людзям? Хутчэй гэты рэфэрэндум патрэбны ўладзе, чым людзям”.

(Жанчына: ) “Ну я думаю, што калі народ хоча, дык няхай праводзіцца рэфэрэндум. Бо ягоны тэрмін ужо сканчаецца. Я думаю, рэфэрэндум патрэбны народу. Калі будзе праводзіцца рэфэрэндум, я буду ў ім удзельнічаць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы як лічыце?”

(Яе сяброўка: ) “Я лічу, што ня трэба праводзіць, бо трэці тэрмін – гэта вельмі шмат”.

(Карэспандэнт: ) “А ці будзеце вы ў ім удзельнічаць?”

(Жанчына: ) “Так, буду”.

(Спадар: ) “Так, лічу, такі рэфэрэндум неабходны, бо колькі людзей, столькі й думак. І кожны чалавек павінен выказаць сваю думку. Я буду браць у ім удзел”.

(Спадарыня: ) “Лічу, што рэфэрэндум патрэбны, але не для таго, каб працягнуць ягоную ўладу на трэці тэрмін. Я буду ўдзельнічаць, але галасаваць супраць”.

(Пэнсіянэр: ) “Калі будзе рашэньне ў справе рэфэрэндуму, то пэўна ж, ён патрэбны. Гэта канстытуцыйная норма. Я буду ў ім удзельнічаць, я ж грамадзянін Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што рэфэрэндум не патрэбны. Слухалі мы ягонае інтэрвію. Як гэта так можна ў людзей пытацца, застанецца ён на трэці тэрмін, ці не. Як так можна казаць. Ён адбыў свой тэрмін і павінен сыйсьці”.

(Група рабочых, першы рабочы: ) “Я лічу, што не. Тэрмін выйшаў, хопіць напэўна”.

(Другі рабочы: ) “Ва ўсім сьвеце два тэрміны, больш жа ніхто не балятуецца”.

(Трэці рабочы: ) “Супраць рэфэрэндуму, яму нельга быць тры тэрміны”.

(Карэспандэнт: ) “А калі рэфэрэндум прызначаць, будзеце ў ім удзельнічаць?”

(Галасы рабочых: ) “Буду ігнараваць. Удзельнічаць супраць рэфэрэндуму. Тое ж самае”.

(Хлопец: ) “Я нават і ня ведаю, ці патрэбны рэфэрэндум. На мой погляд, гэта нонсэнс. Калі будуць праводзіць рэфэрэндум, то вынікі яго ўжо вядомыя. І таму гэта непатрэбная трата сродкаў. Калі ж усе адмовяцца ў ім удзельнічаць, то вынікі лягчэй сфальшаваць. Зрабіць іх патрэбнымі цяперашнім уладам”.

Такімі былі думкі менчукоў у справе магчымага Канстытуцыйнага рэфэрэндуму.
XS
SM
MD
LG