Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА АДНАЎЛЕНЬНЕ АТРЫБУТАЎ САВЕЦКІХ ЧАСОЎ


Ігар Карней, Менск

Пасьля загаду Лукашэнкі аб вяртаньні Беларускаму абароннаму спартова-тэхнічнаму таварыству савецкага брэнду ДТСААФ кіраўніцтва арганізацыі заўважна ажывілася: усе спадзяюцца, што зьмена шыльды пацягне за сабою і зьмены ў фінансаваньні. У гэтым, у прыватнасьці, упэўнены кіраўнік ваенна-тэхнічнага аддзелу ДТСААФ Мікалай Клімовіч:

(Клімовіч: ) "Вяртаньне назову адбылося зь ініцыятывы бальшыні арганізацыяў БелАСТА: дагэтуль 70 год было ДТСААФ, і кожны ведаў, што гэта за арганізацыя. БелАСТА ўвесь час заставаўся безасабовым. Таму зьмена шыльды была вельмі неабходная. Сярод ініцыятараў — і сам прэзыдэнт. Ён яшчэ ў траўні сказаў: у маю сьвядомасьць ДТСААФ увайшло, калі я вучыўся на курсах. Дагэтуль мы абмяркоўвалі гэта на пленуме, у пярвічных арганізацыях, і зараз будзем зацьвярджаць рашэньне на зьезьдзе".

Зрэшты, паводле спадара Клімовіча, пытаньне з назовам ужо вырашанае на самым "версе", і таму зьездаўскае паседжаньне — звычайная фармальнасьць. Запытваю, чым кіраўнікоў ужо неіснуючага БелАСТА не задавальняў ранейшы статус напаўвайсковай арганізацыі?

(Клімовіч: ) "Мы перастаем быць камэрцыйнай арганізацыяй. Дагэтуль на нас глядзелі як на камэрсанатаў. А зараз мы будзем мець статус дзяржаўнай грамадзкай арганізацыі. Нам будуць больш надаваць увагі і давяраць. І гэта пойдзе на карысьць. Бо бюджэтнае фінансаваньне — пытаньне надзвычай сур'ёзнае. Прынамсі, ужо зараз ва ўказе прэзыдэнта прадугледжанае бюджэтнае фінансаваньне нашых спэцыялізаваных школаў. Ня ведаю, як там хто, але мы будзем мець выгаду".

Сёлета ў сакавіку загадам Аляксандра Лукашэнкі бюджэтнае фінансаваньне БелАСТА было прыпыненае. Тады Лукашэнка выказаўся, што ўкладзеныя цягам мінулага году 7 мільярдаў рублёў фактычна выкінутыя на вецер. Чаму раптам кіраўнік дзяржавы зьмяніў меркаваньне? Палітык, чый вайсковы досьвед вымяраецца трыма дзясяткамі гадоў, Уладзімер Нісьцюк мяркуе, што адказ трэба шукаць у іншым:

(Нісьцюк: ) "Ягоны папулізам будуецца на электараце, які застаўся на камуністычных пазыцыях. Нібыта з гэтым старым назовам людзі зноў вернуцца ў часы, калі каўбаса каштавала 2.10, калі вэтэраны маглі езьдзіць на Чорнае мора. Таму гэта — камуністычная левая настальгія, якая наўмысна, праз розныя ідэлягічныя накірункі прыцягваецца да ўсьведамленьня людзей. БелАСТА, як і ДТСААФ — гэта арганізацыі, якія зьяўляюцца грамадзкімі. Але калі на маёмасьць грамадзкіх арганізацыяй (прафсаюзы, тое ж БелАСТА) прэтэндуе адміністрацыя Лукашэнкі, то гэтыя арганізацыі губляюць сваю сутнасьць".

Спадар Нісьцюк акцэнтуе ўвагу і яшчэ на адным, абсурдным, зь ягонага гледзішча, моманце. Назоў абноўленай арганізацыі — добраахвотнае таварыстава садзейнічаньня арміі, авіяцыі і флёту — ніяк не адпавядае беларускім рэаліям.

(Нісьцюк: ) "Стары назоў у беларускіх умовах ніяк не адпавядае рэчаіснасьці. У сэнсе "садзейнічаньня флёту" найперш. Была спроба стварыць беларускі флёт — але выключна гандлёвы, рыбалавецкі. А садзейнічаць гэтаму флёту з боку ваенна-патрыятычнай арганізацыі няма неабходнасьці".
XS
SM
MD
LG