“Зь людзьмі і сам-насам” – гэта кніга дзёньнікавых нататак, лірычных мініятураў і аўтабіяграфічных эсэ. Жанры, традыцыйныя для прозы Брыля. Але напісаныя ў 1996 – 2002 гады, гэтыя творы напоўненыя новай ступеньню шчырасьці, праўды жыцьця. Звыклая самацэнзура аўтара цяпер прыгнятае.
“Бывае ў маіх паводзінах трохі, а то і больш за трохі ранейшай, прысавецкай боязі ды асьцярожнасьці, у тым ліку і ў запісах. Лаўлю сябе на гэтым, дакараю, а потым бачу, што і яшчэ ня выжыў гэтага зь сябе, каб цалкам”.
Азіраючыся на сябе ранейшага Янка Брыль піша: “Востра адчулася, што маё, у той ці іншай меры аўтабіяграфічнае, перш за ўсё “Птушкі і гнёзды”, трэба было напісаць з усёй безагляднай, бязьлітаснай шчырасьцю, чаго я не зрабіў на ўсю моц, а з той асьцярожнасьцю, аглядкай, з тым страхам, які абумоўліваў і мой сацрэалізм…”
Далей пісьменьнік прызнаецца ў сваім нежаданьні мець з гэтае прычыны пасьмяротны поўны збор твораў, які можа “пакараць маю памяць доказамі, колькі непатрэбнага і шкоднага я напісаў”.
На маю просьбу Янка Брыль удакладніў, якія свае творы ён тут мае на ўвазе.
(Брыль: ) “Быў такі ўхіл у мяне пасьля вайны ў такое, трошкі журналісцкае. Я працаваў тады ў “Вожыку” і вось гэтыя ўсякія замалёўкі калгасныя… Мне яны так потым апрацівелі!.. Уключаючы і саму гэтую прэміяваную дзяржавай аповесьць “У Забалацьці днее”. Я яе нават і ў чатырохтомнік не ўключаў. Зьдзіўляліся тады многія і начальства таксама: як гэта, прэміяваная рэч і не ўключаецца ў збор твораў?.. Дык я вось гэтыя творы меў на ўвазе…”
Сёньняшні час пісьменьнік ацэньвае адназначна. Вось ягонае стаўленьне да ўладных палітычных арыентыраў: “Інтэграцыя, аб’яднаньне пагражае нам ня толькі цынкавымі трунамі ды “отдельными фрагментами тел” з гарачых пунктаў недаразваленай імпэрыі, але і распрасторамі Поўначы і Сібіры, якія засумавалі па новых “нацдэмах” – катаржанах ды ссыльных…”
І народны пісьменьнік не хавае, што і сам прыналежыць да сьпісу кандыдатаў на гэткі спосаб інтэграцыі. “Сонечна. У сьцягах нашых многа сьвятла. Мноства людзей, якія ведаюць, што да чаго. З цынічнай дыктатурай, з авантурнымі “саюзамі”, зь небясьпекай вялікай, ці не апошняй вайны… Калі мяне з калёны заўважылі, прыязна замахалі рукамі, заўсьміхаліся, кінулі “Жыве Беларусь! – голас мой у адказ сьлёзна ўздрыгнуў… Радасна, патрэбна мне адчуваньне прыналежнасьці да народнага, прыемна ад пашаны людзей, якіх я і сам паважаю…Малітвенны настрой душы: дай Бог выжыць, каб безь сьлязы ў душы сказаць, што Яна, Беларусь, жыве”.