Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КАЛІ БУДЗЕ Ў МЯНЕ ТРЭЦІ ТЭРМІН, ДЗЯСЯТЫ ТЭРМІН, ТО Я Й ПАМРУ НА ГЭТАЙ ПАСАДЗЕ, І ГРОШЫ МНЕ НЯ БУДУЦЬ ПАТРЭБНЫЯ”


Валер Каліноўскі, Менск

Танальнасьць прэсавай канфэрэнцыі была камплімэнтарнай, журналісты задавалі А.Лукашэнку “зручныя” пытаньні, часам дазвалялі сабе пахвальныя прамовы на ягоны адрас. Той у адказ казаў шмат добрага пра рэгіён, які прадстаўляў той ці іншы журналіст.

А.Лукашэнка не хаваў свайго раздражненьня цэнтральнымі расейскімі СМІ і казаў, што менавіта на рэгіёнах трымаецца саюз Беларусі й Расеі, пераконваў, што беларусы ўвогуле не адрозьніваюцца ад расейцаў, што ў Беларусі расейцам лепей, чым у Расеі. Карэспандэнты рэгіянальных расейскіх СМІ не задавалі вострых пытаньняў. За выключэньнем аднаго выпадку, калі спадара Лукашэнку спыталі пра пераемніка. Ён адказаў:

(Лукашэнка: ) “Я ня маю права балятавацца на трэці тэрмін, пакуль на рэфэрэндуме, калі гэты шлях будзе абраны, народ ня скажа: так, мы Лукашэнку дазваляем удзельнічаць у чарговых выбарах”.

Аляксандар Лукашэнка, калі даводзіў журналістам, што ня мае рахункаў у замежных банках, пажартаваў: “Калі будзе ў мяне трэці тэрмін, дзясяты тэрмін, то я й памру на гэтай пасадзе, і грошы гэтыя мне ня будуць патрэбныя”. Гаворачы больш сур’ёзна, ён паведаміў журналістам, што ўжо абмяркоўваў са сваімі сынамі, “што пытаньне аб тым, як утрымацца пры ўладзе, не стаіць”, што ён думае і пра таго, хто зможа пасьля А.Лукашэнкі кіраваць Беларусьсю, і той будзе ён ставіцца да таго, што зрабіў Лукашэнка, да ягонага атачэньня.

(Лукашэнка: ) “Сёньня так званая апазыцыя, я нават не называю яе апазыцыяй, як вы яе нават у Расеі разумееце і бачыце, гэта страшныя людзі, яны ўжо шаблі точаць: каго зарэзаць, каго павесіць, каго пасадзіць і г.д.”.

Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў, калі будзе нейкая нестабільнасьць ці некіраванасьць, ён будзе працягваць свае паўнамоцтвы, і што ў любым выпадку народ будзе вырашаць, як доўга яму заставацца пры ўладзе.

(Лукашэнка: ) “Таму калі нават я буду зыходзіць, я ўсё роўна, і гэта галоўнае, буду зыходзіць праз народ. Каб народ на рэфэрэндуме сказаў: “Не, Лукашэнка, табе новага тэрміну не відаць”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яго “зусім не хвалюе”, як будзе рэагаваць Расея на ягоны ўдзел у наступных выбарах. Тым ня менш, спадар Лукашэнка зазначыў, што ён ужо абмяркоўваў гэтае пытаньне з Уладзімерам Пуціным, і той нібыта займае акуратную памяркоўную пазыцыю.

Гаворачы пра дачыненьні з Расеяй, А.Лукашэнка выказваў адкрытае незадавальненьне яе пазыцыяй у кансультацыях з Эўразвьвязам наконт калініградзкай праблемы, на перамовах аб акцыянаваньні “Белтрансгазу”, наконт яе пазыцыі ў рамках так званай чацьверкі Арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі, у ірацкім пытаньні. Відавочна, што сустрэча з рэгіянальнымі расейскімі журналістамі стала нагодай, каб данесьці расейскаму кіраўніцтву асаблівую пазыцыю афіцыйнага Менску ў гэтых праблемах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG