Зь Менску ў Гомель на вуліцу Фядзюнінскага сёньня прыйшла інстытуцкая аўтамашына хуткай дапамогі. Яна прывезла некаторае абсталяваньне і рэактывы.
Намесьнік дырэктара інстытуту ў пытаньнях навукі Аляксандар Навумаў і яшчэ чацьвёра тэхнічных супрацоўнікаў насілі пакункі ў будынак спэцыяльнага канструктарскага бюро, які перадалі Інстытуту радыёбіялёгіі. Я сам дапамог занесьці невялікую скрынку з надпісам: “Атрутныя рэчывы”.
Усё прывезенае складвалі ў кабінэце намесьніка дырэктара. Пакуль ніводная лябараторыя не працуе — не завершаны рамонт. Аляксандар Навумаў паведаміў, што рэальна са сталіцы прыехалі толькі шасьцёра з трох дзясяткаў супрацоўнікаў, якія дэкляравалі пераезд.
Так ці інакш, але каля дзьвюх трацінаў супрацоўнікаў трэба шукаць у Гомелі.
(Навумаў: ) “У нас ужо ёсьць сьпіс з 35-ці асобаў, які пажадалі да нас прыйсьці. Гэта выпускнікі ўнівэрсытэту і тыя, хто ўжо працаваў ў школе настаўнікамі хіміі і біялёгіі. Ёсьць некалькі кандыдатаў навук, якія працавалі ў галіне радыёэкалёгіі, у сельскагаспадарчых установах, у прыватнасьці, на досьледных сельгасстанцыях, зь імі гутарым. Пасьля заканчэньня рамонту і адкрыцьця лябараторыяў будзем набіраць супрацоўнікаў”, — сказаў намесьнік дырэктара інстытуту.
Кіраўніка ўстановы, акадэміка Яўгена Канаплі на месцы не было. Ён працуе як бы на два франты — і ў Менску, і Гомелі. Акурат у сталіцы ён дамагаўся фінансаваньня ў Камчарнобылі, зьвязанага з дасьледаваньнем у насельніцтва рэгіёну ёдавага дэфіцыту.
Пакуль няма і фінансавай падтрымкі, абяцанай прэзыдыюмам Нацыянальнай Акадэміі навук.
Удалося аднак пагутарыць зь першым навукоўцам, што перабралася на сталую працу ў рэгіён. Гэта — кандыдат тэхнічных навук Натальля Бажанава. На наступным тыдні ў Гомель прыяжджае і яе муж, шараговы супрацоўнік.
(Бажанава: ) “Я працавала вядучым навуковым супрацоўнікам. Прыехала ў Гомель на такую ж пасаду. Мяняць жыцьцё заўсёды складана. Але ў кожнага свой рэзон, свае пляны. Адзін прыходзіць з павышэньнем. Камусьці патрэбная кватэра. Іншы хоча завяршыць распачатую працу. Я сама зараз еду ў гатэль. Пакуль будзем жыць там. Абяцаюць кватэру”.