Дагэтуль “Ітэра” пастаўляла ў Беларусь газ за 42 даляры за тысячу кубамэтраў, і “Транснафта” за 40,7 даляра. У ліпені “Ітэра” паставіла ў Беларусь 550 мільёнаў, а “Транснафта” 150 мільёнаў кубамэтраў паліва. Пакуль яшчэ ня вычарпаны і ліміт “Газпраму”, які пастаўляе ў Беларусь 10,2 мільярду кубамэтраў газу па цане 29 даляраў за 1000 кубоў.
Начальнік эканамічнай управы Міністэства энэргетыкі Дзяніс Гладзілін прызнае, што сытуацыя ў справе паставак расейскага паліва даволі складаная, але запэўнівае, што плата за газ для жыхароў Беларусі падвышацца ня будзе. Затое для прадпрыемстваў цэны на газ вырастуць. Да чаго гэта можа прывесьці, — распавядае вядомы экспэрт, кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў:
(Злотнікаў: ) “Да восені значнага ўплыву на беларускую эканоміку гэта ня зрробіць. Бо гэтыя аб’ёмы, што пастаўляюцца, ня вельмі значныя. Але ж мы ведаем, што 10,2 кубоў газу пастаўляюцца цяпер па ўнутрырасейскіх цэнах, і гэты ліміт скончыцца недзе ў кастрычніку, а можа ў лістападзе. І тады Беларусі да канца году прыйдзецца купляць газ вось за гэтыя, больш высокія цэны. Тады наступствы будуць значныя. Гэта значыць, што прынамсі на 10% у Беларусі будуць павялічаныя цэны. Так што, гэта адчуецца вельмі значна восеньню”.
А вось меркаваньне былога міністра зьнешніх эканамічных сувязяў Міхаіла Марыніча:
(Марыніч: ) “Новыя цэны на расейскі газ — гэта працэс лібэралізацыі цэнавай палітыкі Расеі. Працэс далучэньня Расеі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. І толькі ўлады Беларусі мараць, што для іх будуць вечна існаваць нейкія прэфэрэнцыі ад Расеі, нізкія цэны на газавае паліва й іншыя энэрганосьбіты. Усе краіны СНД, у тым ліку і Расея, рэфармуюць сваю эканоміку, прамысловасьць, у тым ліку і цэнавую палітыку. Як кажуць, ідуць у рэчышчы ўсясьветных працэсаў. І толькі Беларусь знаходзіцца на ўзбочыне гэтага працэсу.
Эканамічнае жыцьцё краіны значна пагоршыцца, цэны падскочаць на ўсе прамысловыя вырабы, харчы, камунальныя паслугі. Кожны жыхар Беларусі на сябе адчуе ціск гэтага падаражаньня. І віна тут толькі ў аўтарытарнай уладзе на чале з прэзыдэнтам”.
Абодва экспэрты гавораць, што з восені людзі самі заўважаць, як істотна вырастуць цэны на тавары беларускіх прадпрыемстваў, большасьць зь якіх, з прычыны сваёй высокай цаны, ужо цяпер неканкурэнтаздольныя на рынку.