Некалькі соцень людзей прыйшлі да магілы Васіля Быкава, была ўдава Ірына Міхайлаўны, сыны Васіль і Сяргей, блізкія сябры, пісьменьнікі, прыхільнікі таленту Васіля Быкава, а таксама амбасадары ЗША, Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Літвы, Украіны, Славаччыны. Яны прынесьлі з сабою вянкі, кветкі, сьвечкі, бел-чырвона-белыя сьцягі. Уніяцкі сьвятар Андрэй Абламейка асьвяціў магілу Васіля Быкава і правёў памінальную імшу.
На невялікім жалобным мітынгу прагучалі кароткія прамовы блізкіх сяброў Васіля Быкава – Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законьнікава, Рыгора Барадуліна, Юрыя Хадыкі, Алега Трусава. Яны прыгадвалі словы Васіля Быкава, якія яны ўспрымаюць як ягоны запавет: "Бараніць беларускую мову, бараніць беларускі ліцэй, бараніць Бацькаўшчыну". Паэт Рыгор Барадулін назваў Васіля Быкава "скалой зь лірычнымі вачыма", а Юры Хадыка папрасіў прабачэньня ў сям'і нябожчыка за тое, што ён асабіста ня змог прысутнічаць на пахаваньні Васіля Быкава, бо быў у вязьніцы.
Генадзь Бураўкін заклікаў пакуль не зьвяртаць увагі на спэкуляцыі прадстаўнікоў улады аб тым, што нібыта Быкаў прасіў у гэтых уладаў дапамогі і атрымліваў яе. "Ня трэба пакуль, – сказаў Генадзь Бураўкін, – бо сёньня душа Васіля Быкава разьвітваецца са сьветам. Ня трэба пакуль, але потым мы скажам усё". Большасьць выступоўцаў была ўпэўненая, што Беларусь згубіла сумленьне, згубіла сэрца нацыі.
Як паведаміў Радыё Свабода пасьля гэтага мітынгу старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч, на наступным тыдні пасьля саракавінаў адбудзецца паседжаньне камітэту ў справе ўшанаваньня памяці Васіля Быкава, дзе будуць разгледжаныя ўсе прапановы.