Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СА СЬМЕРЦЮ БЫКАВА АСІРАЦЕЛА І ЯГОНАЯ РАДЗІМА — ВЁСКА БЫЧКІ


Ігар Карней, Менск

Кожны жыхар Бычкоў ведае біяграфію Васіля Быкава амаль дасканала. Вось і спадарыня Люба, якую я першай сустрэў на пустой вуліцы, упэўнена пачала распавядаць:

(Люба: ) “І матка ягоная адсюль была, і бацька, і брат. Братава жонка дагэтуль жыве ў старой хаце”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму так атрымалася, што ён вывучыўся, ад’ехаў, а ўсе засталіся?”

(Люба: ) “Брат меншы быў глухі амаль, мала нават у школу хадзіў, і застаўся ў калгасе працаваць. Ну, а бацька з маткай старыя ўжо былі — куды ж яны паедуць? Сястра выйшла замуж у Ваўчо, там і засталася”.

(Карэспандэнт: ) “Тут побач стаіць зусім развалены дом Быкава...”

(Люба: ) “Ага. Гэта ягоны дом разваліўся зусім. Ніхто не глядзіць за ім. Каб захацелі, каб хто паклапаціўся, дык музэй зрабілі б. Але мясцовая ўлада нікуды ў нас не глядзіць, ані. Глядзяць, каб толькі хапнуць у сваю кішэню”.

Выгляд радавога гнязда Васіля Быкава нічога, апроч роспачы, не выклікае. Толькі сьцены яшчэ трымаюцца, дый і тое, як кажуць, на чэсным слове: страха даўно правалілася праз столь, падлога ўрасла ў зямлю. З, так бы мовіць, захавальніцай прывіднага музэю, жонкай малодшага брата Быкава, спадарыняй Антанінай, мы ледзьве прасоўваемся праз барыкады зь бярвеньняў: зь цяжкасьцю верыцца, што тут можна нешта аднавіць.

(Антаніна: ) “Раней, да вайны, хата была праз вуліцу. Але яна стала ад часу абы-якая, дык яны перабудавалі гэтую. Васіль гадаваўся ў гэтай хаце, і на вайну пайшоў адсюль. А ў той, дзе мы жывем цяпер, ён вучыўся, там школа была. Памятаю, як толькі купілі яе, ён прыехаў, і гляджу, нешта ходзіць-ходзіць, быццам і сьмецьця няма, а ён усё выглядае. А потым сказаў, што вось на гэтым месцы сядзеў, як у школу хадзіў. Але Васька як пайшоў, дык ужо і не вяртаўся: на мастака вучыўся, а потым у рамеснае пайшоў”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму хата ў такім стане? Ніхто не хацеў набыць?”

(Антаніна: ) “Пераехаць ахвотных не было, але яны фактычна яе і не прадавалі. Мой стары, як трохі быў яшчэ пры сіле, хацеў хлеў адсюль перанесьці — усё роўна гніў. Дык іхная сястра, Валя, не дала. Ну, я і кажу — не дае, ня трэба. Вось так і згніў”.

Найбольш перажывае, што хата зруйнаваная часам, сусед, Сямён Быкаў. Катэгарычна заяўляе, што музэй у роднай хаце быў бы найлепшым помнікам пісьменьніку.

(Сямён: ) “Трэба, каб быў абавязкова. Хто б ні застаўся — унукі, праўнукі, патрэбна. Хоць бы пакрыць цяпер страху, і тое... Але дапусьціць такое?... Ня ведаю. Такі чалавек! Гэта ж адзіны ў нас герой, і дапусьцілі такое”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ж з Быкавым не аднаго году — ён быў старэйшы?”

(Сямён: ) “Ён старэй — я з 1932-га. Але ад малку гадаваліся разам. Гулялі ўвесь час, да вайны яшчэ. Ён “начальнікам заставы” (у нас тут у Кублічах камэндатура была), быў як быццам за галоўнага, выпісваў нам нейкія пасьведчаньні, шпіёнаў лавілі. Ад малку быў такі хлопец спрытны. Праўда, пісаць тады яшчэ не пісаў, але быў скульптар добры. А пісаць пачаў у вайну”.

Ушацкі край даў Беларусі шмат людзей з гучнымі імёнамі. Але дырэктар мясцовага музэю народнай славы Мікалай Кірпіч канстатуе, што зь іх самы вядомы ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсім сьвеце — Васіль Быкаў.

Пытаюся ў спадара Кірпіча: як, зь ягонага гледзішча, захоўваецца спадчына славутага земляка?

(Кірпіч: ) “Вы на ўласныя вочы бачылі, як тут што захоўваецца... Што тычна нашага музэю, то ад таго, што Быкаў вельмі сьціплы чалавек, атрымаць нешта ў фонд музэю было вельмі складана. Толькі адзін здымак атрымалі (ня памятаю дакладна абставінаў), але не асабіста ад яго. Пяглядзіце, як сьціпла падпісаная ягоная кніжка: “Ушацкаму музэю ад аўтара”. І ўсё. Але гэта, пэўна, адметнасьць чалавека, такая сьціпласьць”.

З творчасьцю Быкава ў Бычках знаёмыя ўсе. Вяскоўцы нават спрабуюць аналізаваць, дзе праўда, а дзе пісьменьніцкая фантазія. Мой новы знаёмец спадар Міхал, кажа, што шмат твораў свайго аднавяскоўца прачытаў і кінафільм “Альпійская баляда” бачыў, але не з усім напісаным згодны і тлумачыць:

(Міхал: ) “Прыфарбаванага дужа шмат. Праўда! Ня я адзін так думаю, усе так лічаць. Ну, але калі напісаў, няхай будзе і такая памяць”.

Спрабую высьветліць у спадара Міхала, чаму, на ягоны погляд, беларускія ўлады адмоўна ставіліся да пісьменьніка?

(Міхал: ) “А таму, што ён пакінуў краіну. А мы ж тут жывём, і расьцём, і косім, а ён кінуў Беларусь, і кудысьці ад’ехаў. А што там? А тут бацька пахаваны, маці...”

Сястра ж Быкава, Валянціна, заўсёды мела паразуменьне з братам. І толькі зь ім магла абмеркаваць падзеі, што адбываюцца ў Беларусі. Пытаюся ў спадарыні Валянціны, а як ставяцца да яе аднавяскоўцы, ведаючы, што яна сястра пісьменьніка, залічанага ўладай да апазыцыі?

(Валянціна: ) “Ай, наперад неяк яшчэ паважалі, а цяпер хто як. У вёсцы нашай зараз адно толькі стар’ё. Паважаюць за справы. Вось асфальтавую дарогу ад Бычкоў да Кублічаў па ягонай ініцыятыве зрабілі, моцна дапамог. А што да мяне, дык я ж тут наезная, чужая, а як Васіль у БНФ яшчэ ўступіў, дык тыя, хто за Лукашэнку, перасталі паважаць і мяне. Разумныя добра ставяцца, а каторыя не разумеюць, дык тым усё роўна”.

Шмат хто, з кім давялося размаўляць у Бычках, цяпер адчуваюць, што вёска нібы асірацела. Хоць Быкаў і ня быў апошнім часам частым госьцем на радзіме, хоць не заўсёды яны маглі яго зразумець, само адчуваньне зямляцтва з Быкавым усё ж грэла сэрцы. 40 дзён таму вялікага аднавяскоўца ня стала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG