Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО ДУХОЎНЫ ЛІДЭР БЕЛАРУСАЎ?


Галіна Абакунчык, Менск

Некаторыя мінакі адмаўляліся гаварыць на гэтую тэму, спасылаючыся на складанасьць пытаньня. Адказы іншых людзей былі такія:

(Карэспандэнтка: ) “Каго вылічыце духоўным лідэрам нацыі й чаму?”

(Спадар: ) “Пасьля сьмерці Васіля Быкава я ўжо й ня ведаю. Ніл Гілевіч хіба. А так, дык і ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Цяпер наш лідэр — гэта прэзыдэнт. Бо ён адказвае за нашую нацыю і, пэўна, шмат робіць для нашых людзей і для нашага грамадзтва”.

(Спадар: ) “Філарэт духоўны лідэр ня толькі Менску, а ўсяе Беларусі. Іншых мы ня ведаем”.

(Спадар: ) “Васіль Быкаў быў адным з апошніх. На жаль, Зянон Станіслававіч зьехаў з нашай краіны — ён мог бы быць. Іншых не магу знайсьці”.

(Спадарыня: ) “Я ня бачу ў Беларусі лідэра, нідзе ніхто не вылучаецца. Лічу, што духоўных лідэраў трэба шукаць сярод простага народу, асабліва ў вёсках. Іх трэба рэклямаваць, зь імі трэба размаўляць”.

(Спадарыня: ) “Сёньня вельмі цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Бо Васіль Быкаў меў права быць духоўным лідэрам, альбо адным з тых, хто мае права так называцца. Калі гаварыць традыцыйна, то гэтай асобай павінны быць якісьці вядомы актор, пісьменьнік, нейкі палітычны дзеяч. Можна назваць шмат імёнаў, хто на гэта мог бы на гэта прэтэндаваць, але вылучыць аднаго чалавека вельмі цяжка”.

Сярод апытаных мінакоў многія таксама казалі, што ня ведаюць, як адказаць на гэтае пытаньне.

(Карэспандэнтка: ) “Хто ёсьць духоўным лідэрам беларусаў і чаму?”

(Спадар: ) “Цяжка сказаць. Нават ня ведаю такога чалавека”.

(Спадарыня: ) “Мне здаецца, што цяпер няма такой асобы, хто мог бы называцца духоўным лідэрам беларусаў. З нашай палітычнай сыстэмай людзі ня могуць вылучыць сябе так, як гэта патрэбна”.

(Спадар: ) “Я не ўнікаю ў палітыку. Ня ведаю”.

(Спадар: ) “Быў Быкаў. Няма такой велічыні, як Быкаў. Але ўсе кажуць, што маўляў, увогуле няма лідэра. Ёсьць, канечне. Але замест Шушкевічаў, Статкевічаў павінны прыйсьці новы лідэр”.

(Спадар: ) “Духоўных лідэраў увогуле вельмі няшмат. Сёньня гэта тыя, хто вядзе барацьбу супраць цяперашняга рэжыму. І толькі гэтая барацьба можа зрабіць чалавека духоўным лідэрам. Гэта Валеры Шчукін, журналісты Віктар Івашкевіч. Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, сумленныя пісьменьнікі, якія пішуць праўду. Я вельмі шкадую пра тое, што сярод гэтых людзей вельмі няшмат актораў і рэжысэраў. Сярод мастакоў ёсьць сумленныя людзі, якія маглі бы прэтэндаваць на правадыроў нацыі. Але сёньня нейкі застой, нейкая вата. І гэта не дае распрастацца тым крылам, якія могуць быць у сумленнага чалавека”.

Гэткія былі адказы мінакоў на пытаньне пра духоўнага лідэра беларусаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG