Судзьдзя Надзея Равуцкая разглядала справу 19-гадовага Міхала Воўчака нядоўга. Яе найперш цікавіла, навошта хлопец прыйшоў 27 ліпеня на пляц Незалежнасьці, ці браў ён удзел у несанкцыянаваным пікеце і ці прызнае сваю віну? Міхал сказаў, што прыйшоў на плошчу, каб адзначыць Дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту. Там ён убачыў людзей са сьцягамі й транспарантам і далучыўся да гэтай групы. Сябе вінаватым Міхал Воўчак не прызнаў, бо хаця і стаяў на пляцы Незалежнасьці зь бел-чырвона-белым сьцягам, тым ня менш, ня лічыць, што ўдзельнічаў у пікеце. Удзельнікі гэтай акцыі нічога не патрабавалі, а проста адзначалі сьвята.
Аднак судзьдзя прызнала Міхала Воўчака вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце й пакарала штрафам 420 тысяч рублёў (каля 200 даляраў). Міхал Воўчак так пракамэнтаваў гэтае судовае рашэньне:
(Воўчак: ) “Магло быць і горш... Супраціў будзе працягвацца. Не шкадую, што ўзяў удзел у гэтай акцыі, таму, што гэта быў мой абавязак і гэта было сьвята. Сьвята, на якое я павінен быў прыйсьці”.
Супрацоўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзь Лабковіч, які абараняў у судзе Міхала Воўчака, назваў гэты прысуд празьмерна жорсткім:
(Лабковіч: ) “Бачна, што судовае рашэньне даволі жорсткае. Я яго ацэньваю менавіта так. Бачна, што затрымліваць людзей не было за што. У нас міліцыя як заўсёды парушыла заканадаўства і ў працэсе затрыманьня, і ў працэсе знаходжаньня людзей у Маскоўскім РУУС. Як я ўжо казаў на судзе, у гэтым выпадку гэта ня быў пікет і гэткая судавытворчасьць будзе працягвацца й надалей, пакуль ёсьць гэтая ўлада. Насамрэч не было падставаў выносіць такія жорсткія прысуды як штраф, тым больш маладому чалавеку, які нідзе не працуе. Гэта па беларускіх мерках, па нашых заробках вельмі вялікі штраф”.
Затрыманага разам зь Міхалам Воўчакам Зьмітра Жамойдзіка судзьдзя Надзея Равуцкая 28 ліпеня пакарала штрафам 280 тысяч рублёў (прыкладна 135 даляраў), а Паўла Юхневіча проста папярэдзіла.
Абодва аштрафаваныя зуброўцы зьбіраюцца абскардзіць гэтае рашэньне.