Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫЕХАЛІ БОЛЬШ ЗА 70 ЖУРНАЛІСТАЎ РАСЕЙСКІХ СМІ

Ганна Соусь, Менск

Для сустрэчы з Лукашэнкам у Менск прыехалі больш за 70 журналістаў расейскіх мэдыяў амаль з 30 суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі. Частка выданьняў наўпрост зьвязаная з інтэграцыйнымі працэсамі — гэта радыёстанцыі “Союз”, радыёвяшчальная служба “Содружество”, інфармацыйнае агенцтва “Союз-инфо”, газэта “Интеграция”, штотыднёвік “Союз. Беларусь-Россия” ды іншыя.

Сярод іх няма журналістаў вядучых расейскіх тэлеканалаў і выданьняў. Як падае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, у часе папярэдняй сустрэчы ў Маскве з прадстаўнікамі беларускай амбасады ў Расеі, расейскія журналісты казалі, што запрашэньне наведаць Беларусь стала для іх “прыемнай нечаканасьцю”.

Як паведаміла Радыё Свабода кіраўніца прэсавай службы Лукашэнкі Натальля Пяткевіч, сёньня расейскія журналісты наведаюць некалькі прадпрыемстваў і будуць мець экскурсію па Менску. Заўтра а дзясятай гадзіне Аляксандар Лукашэнка правядзе для іх прэсавую канфэрэнцыю ў сваёй рэзыдэнцыі на вуліцы Карла Маркса.

(Карэспандэнтка: ) “А дзе журналісты будуць жыць?”

(Пяткевіч: ) “Яны будуць жыць…Не магу нават сказаць… Ня памятаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Беларускі бок аплчвае ўсе выдаткі?”

(Пяткевіч: ) “Па-рознаму. Хто як. Дзе спонсары, дзе яшчэ што. Нейкую частку знаходжаньня, экскурсіі й гэтак далей беларускі бок аплачваў”.

Кіраўнік расейскага Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Саюзу журналістаў Расеі Алег Панфілаў назваў візыт прадстаўнікоў правінцыйных расейскіх мэдыяў у Беларусь выключна прапагандысцкай акцыяй, арганізаванай адміністрацыяй Лукашэнкі.

(Панфілаў: ) “Лукашэнка цяпер апынуўся ў даволі дзіўнай сытуацыі. Ён практычна адарваны ад расейскіх тэлеканалаў. Пра яго практычна нічога ня піша расейская цэнтральная прэса. Ён заўсёды спрабаваў свае ідэі прасоўваць праз рэгіянальную расейскую прэсу. Мы калісьці рабілі своеасаблівы контарудар, калі дасылалі ў Беларусь журналістаў з нармальных лібэральных выданьняў, якія насамрэч аб’ектыўна пісалі пра тое, што адбываецца ў Беларусі. А гэтая акцыя, як я чуў, арганізаваная вельмі сур’ёзна.

Наколькі я ведаю, з Масквы прычапілі тры вагоны з журналістамі, якіх запрасілі з розных гарадоў Расеі. Ня думаю, што ў іх будзе магчымасьць пазнаёміцца з другім бокам Беларусі. Да таго ж быў пільны адбор, таму што наўрад ці ў такую паездку запросяць тых журналістаў, якія проста гэтага захацелі”.

А паводле міжнароднага каардынатара грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97” Андрэя Саньнікава, Лукашэнка такім чынам спрабуе скарыстаць перадвыбарчы пэрыяд у Расеі:

(Саньнікаў: ) “Як гэта ні дзіўна, Лукашэнка захоўвае пляны наконт свайго месца ў Расеі. Пры Ельцыне ён мог езьдзіць па рэгіёнах Расеі, потым зьвярнулі ўвагу, што ён паводзіць сябе быццам кандыдат на прэзыдэнта. Цяпер, калі ён пазбаўлены такой магчымасьці, ён заклікае да сябе. Відавочна, што гэта кампанія, і ў рэчышчы гэтай кампаніі адбыўся просты эфір на НТВ, сэрбскія дакумэнтальныя фільмы. Набліжаюцца выбары ў Расеі. Ня ўсё так добра ў Расеі, і Лукашэнка нагадвае, што ёсьць такая мадэль, і ён дагэтуль гатовы прапанаваць гэтую мадэль Расеі. Ён нагадвае пра гэта напярэдадні выбараў у Расейскую Думу, а таксама напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”.
XS
SM
MD
LG