Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЕКТЫЎ ЛІЦЭЮ ПАЧАЎ ВУЛІЧНЫЯ АКЦЫІ


Любоў Лунёва, Менск

Некалькі дзясяткаў чалавек а палове дзявятай раніцы сталі ланцугом ля ўваходу ў аддзел адукацыі Менгарвыканкаму. Яны абралі менавіта гэты час, каб чыноўнікі, ідучы на працу, прайшлі ўздоўж жывога ланцугу. Ліцэісты трымалі плякаты: “Мы жадаем вучыцца далей!”, “Беларускім дзецям — беларускі ліцэй!”, “Я люблю свой ліцэй”. Сярод пікетоўцаў маці адной ліцэісткі:

(Натальля: ) “Спрабуем вырашыць пытаньне мірным шляхам, каб захаваць наш ліцэй і патрабаваць пісьмовых гарантыяў. Калі Воранаў піша ў “Звяздзе”, што дзеці будуць вучыцца там, дзе пажадаюць дзеці і іх бацькі, то мы жадаем вучыцца там, дзе ўжо вучыліся. Нам не патрэбныя ніякія ліцэі, ніякія іншыя ўстановы”.

Раман Манукян прыехаў у Менск з Малдовы. Ягоная жонка з-пад Менску. Іх дачка паступіла на першы курс Нацыянальнага ліцэю.

(Манукян: ) “Школу абралі па водгуках. У іншым месцы дачка вучыцца не жадае. Яна сама хадзіла на курсы, сама складала праграму падрыхтоўкі. Рэпэтытары займаліся зь ёй беларускай мовай. Мы абралі ліцэй ня толькі з-за беларускай мовы, але й таму, што там можна атрымаць добрую гуманітарную адукацыю. І чаму не па-беларуску, калі мы жывем у Беларусі?”

Некалькі навучэнцаў зьбіралі подпісы ў абарону ліцэю, каб потым іх занесьці ў адпаведныя структуры. Мінакі даволі ахвотна падпісваліся пад зваротам. Усе выказваліся супраць ліквідацыі нацыянальнага ліцэю. Паколькі будынак аддзелу адукацыі знаходзіцца побач з вакзалам, сярод мінакоў сустракаліся людзі, якія толькі што прыехалі ў беларускую сталіцу. Грамадзянін Украіны таксама падпісаўся пад зваротам у абарону ліцэю.

(Тарас: ) “Нельга зачыняць адзіны беларускамоўны ліцэй. Трэба, каб грамадзяне Беларусі ведалі сваю родную мову і былі патрыётамі сваёй айчыны. Калі існуе беларуская мова як дзяржаўная, то лягічна, каб былі і навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць спэцыялістаў, якія валодаюць гэтай мовай. У нас у Кіеве шмат людзей размаўляе па-расейску, але інтэлігенцыя і людзі зь сельскай мясцовасьці размаўляюць на дзяржаўнай украінскай мове. Мяне зьдзіўляе тое, што ў беларускай сталіцы ўсе размаўляюць па-расейску. Тое, што ў вас дзьвюхмоўе, мне падаецца няправільным. Адна мова павінна быць дзяржаўнай, а другая афіцыйнай. Я паважаю людзей, якія ведаюць шмат моваў, але найперш трэба ведаць сваю родную”.

Чыноўнікі з аддзелу адукацыі не спыняліся ля пікетоўцаў. З будынку таксама ніхто ня выйшаў. Як толькі акцыя скончылася, пад’ехала міліцэйская машына. Міліцыянты пачалі хапаць дзяцей, але бацькі патрабавалі, каб іх альбо адпусьцілі, альбо адвезьлі ў пастарунак разам з дарослымі. Міліцыянты не чакалі такой рэакцыі і разгубіліся. Гэтым скарысталіся пікетоўцы і хутка разышліся. Міліцыянты наўздагон крычалі, што наступным разам усіх затрымаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG