Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ МЕЦЬ ПРАКТЫЧНЫ СЭНС СЛУЖБА Ў РЭЗЭРВЕ?

Ігар Карней, Менск

Ці ёсьць гэтыя новаўводзіны пэўным аналягам альтэрнатыўнай службы, якую нядаўна ўзаконілі ў Расеі? Ці можна наагул у гэтым кантэксьце казаць пра ўніфікацыю заканадаўстваў у межах гэтак званай саюзнай дзяржавы? Відавочна, што не. У Расеі альтэрнатыўная служба (якая, дарэчы, складае 3 гады) — гэта, літаральна кажучы, катаржная праца; як сьведчаць вайсковыя статуты, “поўная цяжкасьцяў і стратаў”.

Маладыя людзі, якія здолелі даказаць адмысловай камісіі, што браць у рукі зброю ім перашкаджаюць рэлігійныя перакананьні, альбо па сутнасьці сваёй яны пацыфісты, працуюць пераважна ў шпіталях, дзе ляжаць цяжка хворыя людзі, альбо ў дамах састарэлых. Першы досьвед, дарэчы, паказвае, што дэзэртырства з такіх установаў зусім ня меншае, чым уцёкі з вайсковых частак: шмат хто ня хоча браць у рукі ні аўтамат, ні мэдычную качку.

Абноўленая рэдакцыя беларускага закону “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе” куды больш “гуманная”, паколькі рэзэрвовая служба мае на ўвазе навучаньне вайсковаму майстэрству, як кажуць, без адрыву ад вытворчасьці і месца жыхарства. Проста праз пэўныя тэрміны (пакуль іхная пэрыядычнасьць нават не разглядалася) будуць арганізаваныя зборы, якія мусяць стаць своеасаблівымі іспытамі для рэзэрвістаў.

Пакуль цяжка прагназаваць, ці будзе падобная форма навучаньня вайсковым дысцыплінам эфэктыўнай. Першыя рэзэрвісты будуць сабраныя на інструктаж толькі празь пяць месяцаў — у студзені 2004 году. Зрэшты, у Міністэрстве абароны не хаваюць, што да канца не адпрацаваны мэханізм падобнай службы: на якой базе будзе весьціся выкладаньне, хто мусіць скласьці касьцяк выкладчыкаў — вайсковыя адмыслоўцы ці цывільныя.

Іншымі словамі, пляны хоць і акрэсьленыя, але яны па-ранейшаму вельмі сырыя. Але ўжо ёсьць меркаваньні, што рэальна чымсьці авалодаць паводле такой схемы практычна немагчыма. Калі зборы будуць нават раз на месяц (а з улікам паталягічнай беднасьці абароннага ведамства — гэта наўрад ці), то элемэнтарныя веды пра тактыка-тэхнічныя характарыстыкі зброі забудуцца ўжо праз тыдзень. Разьлічваць на пэўны багаж ведаў можна толькі, калі штодня знаходзісься ў экстрэмальных умовах, і іншай альтэрнатывы, як вывучаць тактыку “ўмоўнага супраціўніка”, няма.

Той, хто служыў яшчэ ў савецкай арміі, бюджэтныя адлічэньні на якую былі вялізныя, маюць вялікі сумнеў, што ў цяперашняй беднай беларускай арміі прызыўнікі атрымліваюць хоць нейкую мінімальную адукацыю. А што тычна рэзэрвовай службы, то, ня выключана: гэта стане вельмі добрай кармушкай для тых, хто будзе вырашаць, куды чалавека накіраваць — у рэгулярныя часткі ці пакінуць у рэзэрве?

Дарэчы, мэханізм падобнай “фільтрацыі”, пакуль гэтаксама не афішуецца. Але мяркуецца, што чалавек сам будзе пісаць заяву ў ваенкамат з просьбай пакінуць яго рэзэрвістам. Зноў жа адмысловая камісіся будзе разглядаць усе “за” і “супраць” такой ініцыятывы, і выносіць пэўны вэрдыкт. Дакладна вядомыя хіба толькі тэрміны службы. Прызыўнік з вышэйшай адукацыяй будзе служыць (ці, больш справядліва — лічыцца, што ён служыць) два гады, безь яе — на год больш, выпускнікі вайсковых установаў і тыя, хто скончыў вайсковыя катэдры, будуць выклікацца на зборы цягам году.

Такім чынам, можна рэзюмаваць, што доўгія размовы і спрэчкі аб неабходнасьці кантрактнай службы ўрэшце нечакана скончыліся прыняцьцём папраўкі аб службе ў рэзэрве.
XS
SM
MD
LG