Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАЦЯНА ПРОЦЬКА: “У СПРАВЕ ГЕНІЮШ БЫЛО ПРЫНЯТАЕ ПАЛІТЫЧНАЕ РАШЭНЬНЕ”

Ганна Соусь, Менск

Зварот Беларускага Гельсынскага камітэту да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай рэабілітаваць беларускую паэтку Ларысу Геніюш быў накіраваны на разгляд у ваенную калегію Вярхоўнага Суду Беларусі. Гаворыць прэсавы сакратар Вярхоўнага Суду Валянцін Барысевіч:

(Барысевіч: ) “Ясна сказана, што не падлягае рэабілітацыі. У прававым пляне практычна адмоўлена ў рэабілітацыі”.

Зьвяртаючыся да Лукашэнкі з просьбай аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш, Беларускі Гельсынскі камітэт сыходзіў з таго, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі адсутнічаюць артыкулы, паводле якіх была асуджаная Геніюш, і гэта цягне адмену прысуду і рэабілітацыю. Гаворыць старшыня БХК Тацяна Процька:

(Процька: ) “Гэта, між іншым, і пазыцыя КГБ, які рыхтаваў на рэабілітацыю справу Геніюшаў. Але ў справе Геніюш было прынятае палітычнае рашэньне. Калі ў Вярхоўным Судзе разглядалася гэтае пытаньне, кіраваліся не законам, а тым што Геніюш нацыяналістка, і нацыяналісты могуць атрымаць моцны стымул — у нас зьявяцца новыя героі. Менавіта так у прыватных гутарках нам тлумачылі такое рашэньне Вярхоўнага Суду”.

Адзін зь сяброў Ларысы Геніюш, былы вязень ГУЛАГу Васіль Супрун са Слоніму быў асуджаны фактычна паводле тых жа артыкулаў, што і Ларыса Геніюш, ён быў адным з кіраўнікоў антысталінскага заходнебеларускага падпольля.

(Супрун: ) “Я таксама ж атрымаў такі адказ аб сваёй рэабілітацыі. Я зьвяртаўся да Лукашэнкі, калі ён прыйшоў да ўлады. Мне адказалі з генэральнай пракуратуры, што я асуджаны правільна і рэабілітацыі таксама не падлягаю. Я сядзеў у Інце побач зь лягерам Ларысы Антонаўны”.

Тады ж у лягеры і пачалася перапіска Васіля Супруна з Ларысай Геніюш. Пасьля вызваленьня ён неаднойчы прыяжджаў да яе ў Зэльву. Пазьней выдаў некалькі кнігаў пра Ларысу Геніюш з успамінамі й вершамі зь лягернай перапіскі.

Мікола Канаш са Жлобіна трапіў у сталінскія лягеры за ўдзел у дзейнасьці Саюзу Беларускай моладзі. У няволі й пачалася ягоная перапіска з Ларысай Геніюш. Пасьля вызваленьня яна сама знайшла яго й запрасіла прыехаць у госьці ў Зэльву.

(Канаш: ) “Я, як быццам, сустрэўся з роднай маці. Яна, праўда, мяне й называла заўсёды сынам… Я якраз учора гэта праслухаў па Свабодзе й вельмі занепакоіўся. Яе за што можна не рэабілітаваць? Нічога яна кепскага не зрабіла. Яна вельмі любіла наш народ, саму Беларусь і ўсё беларускае. Вось за што яе й не рэабілітуюць”.

9 жніўня, у дзень народзінаў Ларысы Геніюш, многія сябры Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў паедуць на Гарадзеншчыну ў Зэльву, у мястэчка, дзе беларуская паэтка жыла пад назіраньнем КГБ ад 1956 да 1983 году.
XS
SM
MD
LG