Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭР ЛДП АБВІНАВАЧВАЕ АДМІНІСТРАЦЫЮ ПРЭЗЫДЭНТА Ў СЬВЯДОМЫМ ПАРУШЭНЬНІ ЗАКОНУ


Юры Сьвірко, Менск

Міністэрства інфармацыі Беларусі паўтара году адмаўляецца рэгістраваць друкаваны орган Лібэральна-дэмакратычнае партыі з назовам “Демократическая газета”, але прычыны гэтага не тлумачыць. Выдавецкае прадпрыемства “Вольніца-мэдыя”, створанае адмыслова для выпуску гэтай газэты, падало пазоў супраць Мінінфарму ды Міністэрства фінансаў, патрабуючы прызнаць дзеяньні першага ведамства неправамернымі, а з другога спагнаць кампэнсацыю стратаў за час прамаруджваньня з рэгістрацыяй “Демократической газеты”.

Вышэйшы гаспадарчы суд ў сераду пачаў разгляд гэтай справы, але першае паседжаньне доўжылася ўсяго некалькі хвілін, пасьля чаго справа была адкладзеная на месяц. Лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч пракамэнтаваў гэта так:

(Гайдукевіч: ) “Настолькі зразумела, што справа выйгрышная. Там разглядаць проста няма чаго. Адклалі з прычыны, што мы не далі арыгінал рашэньня гаспадарчага суду”.

Спадар Гайдукевіч патлумачыў, што Менскі гарадзкі гаспадарчы суд вырашыў спагнаць з прадпрыемства “Вольніца-мэдыя” грошы за арэнду памяшканьня, у якім мусіла працаваць рэдакцыя “Демократической газеты”. Гарадзкі суд выдаў копію рашэньня, а Вышэйшы гаспадарчы запатрабаваў яго арыгінал. З гэтай прычыны наступнае паседжаньне суду адбудзецца 28 жніўня. На маё пытаньне, колькі яшчэ ён разьлічвае чакаць рэгістрацыі партыйнай газэты, спадар Гайдукевіч адказаў гэтак:

(Гайдукевіч: ) “Да канца чацьвертага-пятага тэрміну Лукашэнкі, я думаю, на гэта трэба разьлічваць. Мы ж атрымалі цэлае памяшканьне ад галоўнай гаспадарчай управы адміністрацыі прэзыдэнта й пратрымалі яго больш за год, плацілі за яго арэнду. Дакумэнты цэлы год ляжалі ў Міністэрстве друку. Вось я сёньня хацеў на судзе сказаць — усю размову падаць спадара Падгайнага са мной. Спадар Падгайны, калі я яму тэлефанаваў, казаў: “Вось мне так цяжка, вось мне Князеў сказаў не выпускаць”. Гэта намесьнік кіраўніка адміністрацыі. Я хацеў гэта ўсё агучыць на судзе”.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнае партыі дадаў, што зьвяртаўся ў адміністрацыю прэзыдэнта па тлумачэньні. Нагадаю, што першы намесьнік кіраўніка гэтай адміністрацыі Станіслаў Князеў там ужо не працуе — ён быў прызначаны рэктарам прэзыдэнцкай Акадэміі кіраваньня. Увогуле пасады першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта цяпер няма. А іншыя чыноўнікі загад не рэгістраваць “Демократическую газету” не пацьвярджаюць.

(Гайдукевіч: ) “Усе кажуць: ніякіх камандаў не было. То бок спадару Падгайнаму далі магчымасьць самому прыняць рашэньне. А ён баязьлівец паводле натуры. Проста баязьлівы чыноўнік, які не выконвае законаў Рэспублікі Беларусь. Калі ён не выконвае ў дачыненьні да мяне законаў, значыць, усе газэты, якія закрываюцца, усё гэта робіцца беззаконна”.

Трэба адзначыць, што Міністэрства інфармацыі фактычна ўвогуле спыніла рэгістрацыю масава-палітычных выданьняў. Прадпрыемства “Марат”, якое выдае прыпыненую на тры месяцы “Белорусскую деловую газету”, ня можа зарэгістраваць новае выданьне зь іншай назвай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG