Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СТАЛА ПАЛІТЫКА БОЛЬШ ПРАЗРЫСТАЙ ПАСЬЛЯ “ЎОТЭРГЕЙТА”?

Юры Дракахруст, Прага

Скандал “Уотэргейт”, выкрыты журналістамі газэты “Washington Post” Карлам Бэрнстайнам і Бобам Вудвардам, выклікаў вялікія зьмены ў амэрыканскім грамадзтве і амэрыканскай палітыцы. Днямі гэтая справа зноў прыцягнула да сябе цікавасьць грамадзтва. Былы памочнік прэзыдэнта Ніксана Джэб Магрудэр тады быў абвінавачаны ў датычнасьці да незаконнага падслухоўваньня, прызнаў сваю віну і правёў у турме 7 месяцаў. Але толькі зараз, праз 30 гадоў ён зрабіў сэнсацыйнае прызнаньне: паводле яго, тады пранікненьне ў гатэль “Уотэргейт” і ўсталяваньне ў ім “жучкоў” было зроблена па наўпроставым загадзе прэзыдэнта Ніксана. Тлумачачы, чаму ён маўчаў столькі гадоў, Магрудэр гаворыць, што яму проста ніхто не задаваў адпаведнага пытаньня.

Назіральнікі выказваюць пэўны сумнеў у такіх тлумачэньнях. Гаворыць былы чалец Кангрэсу ад рэспубліканскай партыі Біл Фрэнзэр.

(Фрэнзэр: ) “Выглядае вельмі дзіўным, што ён стаў казаць пра тое, пра што ўсе да сьмерці хацелі ведаць 30 гадоў таму, і відавочна, што гэтае пытаньне задавалася яму на працягу гэтага часу шмат разоў”.

Аднак сумневы ў заяве Джэба Магрудэра не абвяргаюць сказанага ім. Аднак і даказаць сапраўднасьць гэтага цяпер амаль немагчыма, прайшло 30 гадоў, акрамя Магрудэра ўсе удзельнікі тагачаснага скандалу, у тым ліку і экс-прэзыдэнт Ніксан, памерлі.

Справа “Уотэргейт” зрабіла вялікі ўплыў на амэрыканскую журналістыку. Біл Фрэнзэр, які прадстаўляў у Кангрэсе штат Мінэсота 20 гадоў, гаворыць, як быў шакаваны тым, што журналісты імкнуліся ня проста атрымаць адказы на свае пытаньні, а заманіць палітыкаў у слоўную пастку.

(Фрэнзэр: ) “Рэпартэры ніколі не задаюць пытаньні, каб атрымаць інфармацыю, каб высьветліць сутнасьць справы, яны задаюць пытаньні, каб закрануць вас. Гэта вельмі жорсткая гульня”.

Кангрэсмэн Фрэнзэр прызнае, што журналіст ня мусіць верыць усяму, што гавораць яму палітыкі, але разам з тым і ня мусіць выкарыстоўваць палітычнае цкаваньне для таго, каб рабіць кар’еру.

Прафэсар унівэрсытэту Вірджыніі Лары Сабата адзначае, што новы стыль журналістыкі, які бярэ свой пачатак ад справы “Ўотэргейт”, уплывае на давер грамадзтва да друкаванага слова.

(Сабата: ) “Справа “Ўотэргейт” стала паваротным пунктам ад журналістыкі адлюстраваньня да агрэсіўнай журналістыкі. І гэта мела велізарны эфэкт. Я мяркую, што гэта зрабіла амэрыканцаў больш цынічнымі. І гэта адбілася на друку. Людзі проста ня вераць шмат чаму з таго, што піша друк”.

Вэтэран амэрыканскай палітыкі Біл Фрэнзэр мяркуе, што “Ўотэргейт” не палепшыў палітычных нораваў, хутчэй наадварот. Пераемнікі Ніксана ўсталявалі больш жорсткія правілы наконт нераспаўсюджваньня інфармацыі зь Белага Дому, у выніку народ нават менш ведае пра тое, што робіцца ў высокіх кабінэтах. Прафэсар Сабата мае іншую думку. Ён прыгадвае, што менавіта пасьля справы “Ўотэргейт” шэраг штатаў увёў абмежаваньні на правядзеньне заканадаўчымі сходамі штатаў закрытых паседжаньняў. Прафэсар Сабата дадае:

(Сабата: ) “Адзіны добры аспэкт “Уотэргейта” – гэта тое, што гэта прымусіла ўрад і палітыку стаць больш празрыстымі. Мы зразумелі, што больш інфармацыі – гэта добра, што выкрываньне – гэта добрая рэч, і празрыстасьць дзейнасьці ўраду – найлепшы сродак для прадухіленьня карупцыі ў сыстэме”.

Адмысловец адзначае, што народ ня мусіць некрытычна ўспрымаць усё, што гавораць улады. Але суцэльны недавер да палітыкі, да палітыкаў не дае ўладзе магчымасьці кіраваць эфэктыўна.
XS
SM
MD
LG