Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯ КОСІШ СЕНА — ПЛАЦІ ГРОШЫ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Сьветлагорскае мэдычнае аб’яднаньне агулам павінна нарыхтаваць 156 тонаў сена. Але паколькі мэдыкам трэба найперш займацца лячэньнем людзей, то адміністрацыя прапанавала кампэнсаваць ненарыхтаванае сена грашыма — 30 тысяч за адну тону. Менавіта такую суму кампэнсацыі прадугледзеў у адмысловым рашэньні райвыканкам.

Вось што распавяла бугальтарка Парыцкага ўчастковага шпіталю:

(Бугальтарка: ) “Грошы зьбіраем па ведамасьцях. Тады будзем утрымліваць з заробку — у аддзяленьнях, у паліклініцы. А сьпісы — у старшых мэдсёстраў у аддзяленьнях”.

Пра тое, што сродкі сапраўды зьбіраюцца, распавёў і галоўны доктар мэдычнага аб’яднаньня Анатоль Муха:

(Муха: ) “Грошай браць у рукі ня будзем, проста вылічым з заробку — і ўсё”.

Між тым, правізары аптэкаў адмаўляюцца пералічваць сродкі на кампэнсацыю сенанарыхтоўкі. Гаворыць загадчык цэнтральнай аптэкі Сьветлагорску Канстанцін Новік:

(Новік: ) “Калектывы аптэкаў правялі сходы і адмовіліся выплаціць асабіста па 5–6 тысяч рублёў. У нас заробкі не такія вялікія, каб 6 тысяч плаціць за сена калгасу”.

Цяпер аблвыканкам падлічвае папярэднія вынікі нарыхтоўкі кармоў прадпрыемствамі й арганізацыямі рэгіёну. Паводле паведамленьня супрацоўніка аблвыканкаму Васіля Астапенкі, менавіта гарадзкія ўстановы і прадпрыемствы пералічылі ўжо за ненарыхтаванае сена 568 мільёнаў рублёў. Зь іх 140 мільёнаў рублёў сабрана ў арганізацыях і прадпрыемствах Сьветлагорску.

Праўда, як зазначыў спадар Астапенка, вядзецца сустрэчная праверка правільнасьці пералічэньня грошай, бо ня ўсюды сходзяцца сумы, якія называюць гарады і якія пацьвярджаюць калгасы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG