Яшчэ на пачатку паседжаньня прадстаўнікі прафзьвязу заявілі адразу тры хадайніцтвы, якія маглі б мець істотны ўплыў на хаду працэсу. Яны выказалі недавер пракурору як непаўнамоцнаму прадстаўніку генэральнай пракуратуры, прапанавалі адхіліць ад вядзеньня працэсу судзьдзю Жукоўскую, якая выявіла перадузятасьць яшчэ ў часе падрыхтоўкі працэсу, а таксама прапанавалі запрасіць на паседжаньне ў якасьці сьведак міністра працы Антаніну Мораву і прадстаўніка Міжнароднай арганізацыі працы.
Судзьдзя Жукоўская некалькі разоў пакідала залю паседжаньняў, каб сам-насам прыняць рашэньне па гэтых заявах і ўсе тры хадайніцтвы адхіліла. Вось як гэта пракамэнтаваў лідэр прафсаюзу авіядыспэчараў Юры Мігуцкі:
(Мігуцкі: ) “Тое, што мы пераможам — гэта адназначна. А тое як ідзе працэс — на неперадузятае стаўленьне судзьдзі разьлічваць не даводзіцца”.
Пазоў аб ліквідацыі Беларускага прафсаюзу авіяцыйных дыспэчараў у Вярхоўны суд накіравала пракуратура краіны. Генэральны пракурор Віктар Шэйман заяўляе, што паводле прэзыдэнцкага дэкрэту аб упарадкаваньні дзейнасьці палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і прафсаюзаў, авіядыспэчары ня маюць дастатковай колькасьці сяброў — гэта 500 чалавек, каб утрымліваць статус усебеларускага.
Аднак сябры суполкі кажуць, што гэта непраўдзівыя і надуманыя абвінавачаньні й перакананыя, што спроба ліквідацыі незалежнай прафструктуры ёсьць адмысловай палітычнай акцыяй. Каб падтрымаць сваіх лідэраў, яны прыйшлі ў суд групаю ў складзе 40 чалавек і вось што казалі ў інтэрвію Радыё Свабода па выніках першага дня паседжаньня:
(Спадар: ) “Няўжо пракуратуры Беларусі няма больш чым займацца, чым лічыць сяброў незалежнага прафсаюзу?”
(Спадар: ) “Маё права — у якім прафсаюзе мне быць. Яны хочуць пазбавіць мяне майго асноўнага права і заганяюць у дзяржаўны прафсаюз”.
(Спадар: ) “Хутчэй за ўсё, гэта палітычная зачыстка поля перад рэфэрэндумам. Вось падыход гэтай улады”.
(Спадар: ) “Зьнішчаюць дзейнасьць свабодных і незалежных прафсаюзаў”.
Пра неадпаведнасьць міжнародным юрыдычным нормам самога факту судовага працэсу заявіў таксама прысутны на паседжаньні старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:
(Ярашук: ) “Нормаў пра тое, што павінна быць 500 сяброў прафсаюзу, ні ў якім міжнародным дакумэнце гаворкі не вядзецца. Гаворка вядзецца пра палітычную замову на арганізацыю. Маючы на ўвазе, што адбываецца апошнім часам і са СМІ, можна рабіць выснову, што ўлады мэтанакіравана зачышчаюць палітычную прастору”.
Судовы працэс у справе ліквідацыі незалежнага прафсаюзу авіядыспэчараў прадоўжыцца ў наступныя дні.