Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “БДГ” ЗАСТАЛОСЯ АДЗІНАЕ ВЫЙСЬЦЕ — ДРУКАВАЦЦА Ў МАСКВЕ


Юры Сьвірко, Менск

Хаця дырэктар Нясьвіскай друкарні Аляксандар Ладзята, які на мінулым тыдні падпісаў дамову на друкаваньне цягам году баранавіцкай “Местной газеты”, сам паведаміў пра сваё звальненьне, у Менскім абласным выканкаме сьцьвярджаюць, што казаць пра гэта пакуль зарана. Кіраўніца ўправы інфармацыі аблвыканкаму Тацяна Дзедух заявіла, што пытаньне пра звальненьне спадара Ладзяты пакуль толькі абмяркоўваецца.

(Дзедух: ) “Пакуль мы разглядаем проста пытаньне, але не звальнялі. Ёсьць пытаньні там наконт Нясьвіскай друкарні — пра фінансавы стан, але дакумэнтаў пакуль не прынята. Я ня думаю, што “Местная газета” ёсьць галоўным аргумэнтам. Няма замоваў іншых, старое абсталяваньне — няма на чым друкаваць там сёньня”.

Спадарыня Дзедух не патлумачыла, як можна адначасова вінаваціць дырэктара ў тым, што няма замоваў і што няма на чым друкаваць. А на маё пытаньне, ці зможа “Местная газета” друкавацца ў Нясьвіжы згодна з падпісанай на год дамовай, яна адказала гэтак:

(Дзедух: ) “Я думаю, што на ягоных магутнасьцях сёньня ён ня зможа друкаваць такія наклады гэтай газэты — гэта будзе страта для раённай газэты. Там яшчэ адна недзяржаўная газэта друкуецца – “Нясвіскі час”. Абсталяваньне ў яго ўжо на 99 адсоткаў зношанае”.

Нагадаю, што адмову друкаваць “Предпринимательскую газету” з матэрыяламі “БДГ” менская друкарня “Чырвоная зорка” таксама тлумачыла тэхнічнымі праблемамі, а яе дырэктара звольнілі нібыта з эканамічных прычынаў. Кіраўніца ўправы інфармацыі Менскага абласнога выканкаму кажа, што забароны друкаваць матэрыялы “БДГ” не было.

(Дзедух: ) “У нас друкуецца шмат недзяржаўных газэтаў. І сёньня ёсьць такія артыкулы, якія рэзка крытыкуюць і ўладу. Друкуе гэта недзяржаўная газэта. Такой афіцыйнай забароны і, напэўна, указаньняў такіх мы нават не давалі. Негалоснай таксама”.

Аднак выдавец “Местной газеты” сьцьвярджаў, што распараджэньне не супрацоўнічаць зь ягоным выданьнем прыйшло з адміністрацыі прэзыдэнта. А галоўная рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна пракамэнтавала сытуацыю гэтак:

(Калінкіна: ) “Міністэрства інфармацыі дзейнічае так, каб друкарні беларускія ўводзілі ў сябе цэнзуру ды вычытвалі ўсе газэты, усе матэрыялы. Думаю, што звольненыя дырэктары друкарняў проста забавязаныя судзіцца са сваім начальствам”, — сказала па тэлефоне з Масквы спадарыня Калінкіна.

Там яна вядзе перамовы пра супольныя з расейскімі газэтамі спэцыяльныя выпускі для Беларусі. Першы такі выпуск “Новой газеты” выйшаў два тыдні таму, але рэдакцыя “Белорусской деловой газеты” спадзявалася, што зможа друкаваць свае матэрыялы на радзіме. Цяпер, калі ўсе мажлівасьці карыстацца беларускімі друкарнямі зьніклі, для “БДГ” застаўся толькі адзін варыянт — шукаць дапамогі ў Расеі. Разглядаецца і пытаньне пра рэгістрацыю ў расейскім Міністэрстве друку выданьня з назовам “Белорусская деловая газета”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG