Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ І ДЭПУТАЦКАЯ ГРУПА “РЭСПУБЛІКА” БУДУЦЬ КААРДЫНАВАЦЬ ПЕРАДВЫБАРЧУЮ ДЗЕЙНАСЬЦЬ

Уладзімер Глод, Менск

Лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага Народнага Фронту, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Партыі камуністаў Беларускай і Партыі працы разам з прадстаўнікамі дэпутацкай групы “Рэспубліка” 29 ліпеня акрэсьлілі сфэры агульных дзеяньняў. Гэта — неабходнасьць зьменаў выбарчага заканадаўства, супольнае процідзеяньне намерам скасаваньня канстытуцыйнага абмежаваньня трэцяму тэрміну прэзыдэнцтва, скаардынаваная праца на выбарах. Прычым, гэта толькі пачатак.

Сфэры каардынацыі, як адзначаецца ў пагадненьні, “па меры набыцьця станоўчага досьведу могуць пашырацца”.

Для пяці з шасьці падпісантаў пагадненьне адразу набыло юрыдычна-прававую сілу, і толькі Партыя БНФ хоча ратыфікаваць дакумэнт на наступным сойме.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька разглядае новае пагадненьне як чарговы этап аднаго і таго ж працэсу — кансалідацыі прыхільнікаў пераменаў:

(Лябедзька: ) “Я думаю, што гэта ёсьць вельмі важкім і сур’ёзным унёскам у агульную тэндэнцыю аб’яднаньня дэмакратычных сілаў, якая была пачатая пяцьцю палітычнымі партыямі два месяцы таму”.

Кіраўнік групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец таксама акцэнтуе ўвагу на супольных дзеяньнях:

(Скрабец: ) “Галоўнае, што мы будзем дапамагаць адзін аднаму. Разам будзе і лепш працаваць, і лепш выкарыстоўваць свае магчымасьці ў розных сфэрах — палітычнай, заканадаўчай, зборы подпісаў — і ў іншых акцыях, якія мы плянуем сумесна праводзіць”.

Да пагадненьня могуць далучыцца і іншыя палітычныя партыі.
XS
SM
MD
LG