Міліцыянты затрымалі спадароў Фінкевіча і Дашкевіча ў ноч з 22 на 23 ліпеня на менскім праспэкце Францішка Скарыны, дзе яны клеілі рэклямныя ўлёткі Маладога Фронту і газэты “Наша Ніва”. У пратаколах запісана, што пры затрыманьні хлопцы брудна лаяліся, парушалі грамадзкі парадак, хуліганілі. Артур Фінкевіч кажа, што гэта хлусьня. На ягоную думку, міліцыянты проста вырашылі больш жорстка пакараць маладафронтаўцаў. (За дробнае хуліганства закон прадугледжвае арышт тэрмінам да 15 сутак.) Тым ня менш, маладафронтаўцы спыняць расклейку ўлётак не зьбіраюцца. Гаворыць Артур Фінкевіч:
(Фінкевіч: ) “У любым выпадку мы будзем клеіць улёткі на тым жа самым месцы ў Савецкім раёне. Мы будзем падымаць раён і Менск цалкам, таму што трэба падымаць усё гарадзкую структуру”.
Судзьдзя Руслан Казадаеў пачаў разглядаць гэтую справу, але вымушаны быў яе адкласьці, бо ў суд не зьявіўся сьведка-міліцыянт. На думку адваката Артура Фінкевіча Паўла Сапелкі, гэты міліцыянт праявіў непавагу да суду, але наўрад ці ён будзе прыцягнуты да адказнасьці. Гаворыць Павал Сапелка:
(Сапелка: ) “Што тычыцца справы Артура Фінкевіча, на мой погляд, няма ніякіх доказаў таго, што ён парушыў грамадзкі парадак. У адміністратыўным парушэньні расклейкі ўлётак ён прызнаў сваю віну і павінен быў быць прыцягнутым да адказнасьці па артыкуле 143”.
Справа Артура Фінкевіча будзе разглядацца ў судзе 7 жніўня. А справу іншага маладафронтаўца, Зьмітра Дашкевіча судзьдзя Казадаеў разгледзеў 29 ліпеня. Сам спадар Дашкевіч у суд не зьявіўся. Судзьдзя пакараў яго штрафам на 14 тысяч рублёў.
Справа яшчэ аднаго затрыманага ў тую ноч актывіста Маладога Фронту Алега Гнечыка перададзеная ў камісію ў справах непаўнагадовых. Бацькі ж Алега Гнечыка напісалі заяву ў пракуратуру, у якой просяць прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, што зьбілі іх сына.