Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКІМ МЭТРО БОЛЬШ НЯМА СТАНЦЫІ “ПЛОШЧА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ”

Ганна Соусь, Менск

(Абвестка ў мэтро: ) “Cтанцыя “Плошча Леніна”. Выхад да чыгуначнага вакзалу”.

Гэтак цяпер у менскім мэтро абвяшчаюць станцыю, якую 12 гадоў называлі “Плошчай Незалежнасьці”. Пасажыры рэагуюць на гэтую зьмену па-рознаму:

(Cпадарыня: ) “Другі раз ужо чую. І сёньня думаю: а што, раптам вырашылі старое вярнуць? Я стары чалавек, хай будзе “Плошча Леніна”.

(Спадар: ) “Без сумневаў, больш падабаецца назва “Плошча Незалежнасьці”. Адразу ўзьнікаюць асацыяцыі зь незалежнасьцю нашай краіны. “Плошча Леніна” — гэта ўжо адышло ў гісторыю. На мой погляд, “Плошча Незалежнасьці” — тое, што трэба”.

(Спадарыня: ) “Ленін хай застаецца як гісторыя, а Незалежнасьць бліжэй, відаць, беларусам”.

(Спадар: ) “Незалежнасьць лепей. Ленін — неяк па-камуністычнаму выглядае”.

(Другі спадар: ) “Шчыра кажучы, не зьвярнуў увагі. Калі дзяржаве грошы няма куды ўкладаць, хай пераймяноўваюць”.

(Трэці спадар: ) “Усё роўна гэта. Мы прызвычайліся і да той, і да гэтай назвы. Выхад туды — “Плошча Леніна”, выхад сюды — “Плошча Незалежнасьці”. Але ўсё роўна гэта чыгуначны вакзал”.

Гэтак рэагуюць пасажыры менскага мэтро на вяртаньне назвы “Плошча Леніна”. Дарэчы, гэтая назва ніколі не зьнікала са сьценаў станцыі пасьля перайменаваньня самой плошчы ў 1991 годзе. Нават калі летась рабілі рамонт падземнага пераходу з боку чыгуначнага вакзалу, назву “Плошча Леніна” захавалі. У менскім мэтрапалітэне Радыё Свабода паведамілі, што назвы “Плошча Незалежнасьць” ніколі не існавала. Гаворыць начальнік тэхнічнага аддзелу Мэнскага мэтрапалітэну Ўладзімер Кавальскі:

(Кавальскі: ) “Указалі нам на дапушчаныя памылкі. Цяпер выпраўляем”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто ўказаў?”

(Кавальскі: ) “Указаў народ. Афіцыйнага рашэньня аб перайменаваньні плошчы Леніна ў плошчу Незалежнасьці няма. Былі нейкія вусныя распараджэньні кіраўніцтва Менгарвыканкаму”.

Паводле начальніка тэхнічнага аддзелу менскага мэтро Ўладзімера Кавальскага, усё пачалося з замены схемаў мэтро месяц таму. Новыя схемы са сваёй рэклямай і назвай “Плошча Леніна” вырабіла кампанія мабільнай сувязі “Velcоm”.

Вяртаньне імя бальшавіцкага лідэра Леніна набывае ў Беларусі ўсё больш шырокі характар. Сёлета ў Менску была на некалькі кілямэтраў падоўжаная вуліца Леніна. У Чэрыкаве на Магілёўшчыне на ініцыятыву мясцовых прафсаюзаў цяпер зьбіраюць грошы на рэстаўрацыю помніка Леніну.

Што да адваротнага працэсу, то пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі магчыма прыгадаць толькі некалькі выпадкаў перайменаваньня вуліцаў і плошчаў імя Леніна. Адзін зь іх — Маладэчна, дзе на пачатку 1990-х на ініцыятыву мэра Генадзя Карпенкі былі адноўленыя ўсе старыя назвы вуліцаў.
XS
SM
MD
LG