Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВААБАРОНЦА ВАЛЕРЫ ШЧУКІН ПАЗБЫЎСЯ ЖЫТЛА


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Сёньня судовы выканаўца Алена Марозава, у прысутнасьці афіцыйных сьведкаў, зрабіла вопіс маёмасьці ў пакоі, унёсшы ў яго нават тузін пакарабачаных цьвікоў, і прапанавала Валеру Шчукіну вынесьці рэчы. Апошні адмовіўся гэта зрабіць, і пакой быў апячатаны. Заўважым, што высяленьне, нягледзячы на прымусовы характар, адбывалася карэктна і без канфліктаў.

Валер Шчукін атрымаў жытло — пакой у інтэрнаце Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікуму — у 1996 годзе, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. І вось, празь сем гадоў пастановай гарадзкога суду праваабаронца быў прымусова выселены з пакою, бо, на думку суду, засяленьне мела незаконны характар.

На сьведчаньне Валера Шчукіна, падобныя дзеяньні судовых уладаў ня маюць пад сабой юрыдычнай глебы, бо, паводле Жыльлёвага кодэксу, патрабаваньне аб прызнаньні атрыманьня жытла незаконным можа быць заяўленае цягам трох гадоў з дня заключэньня дамовы найму, спадар Шчукін бачыць у такіх дзеяньнях небясьпечны прэцэдэнт.

(Шчукін: ) “Грамадзянскі і Жыльлёвы кодэкс узаконьваюць трохгадовы тэрмін пазоўнай даўнасьці на незаконнасьць засяленьня. Нават калі я незаконна засяліўся, і гаспадар дзяржаўнай кватэры цягам трох гадоў маўчаў — усё! Далей ён ня мае падставаў падаваць пазоў. Пазоў, аднак, падалі, і суд яго прыняў. Гэта значыць, судовыя інстанцыі праігнаравалі згаданы артыкул. І гэта страшная рэч! Бо сёньня яны высяляюць мяне празь сем гадоў пасьля засяленьня, а заўтра з такім жа посьпехам могуць выселіць любога нязручнага для ўладаў чалавека, які пражыў у сваёй кватэры і дзесяць, і пятнаццаць, і дваццаць гадоў. І дзяцей ягоных могуць выселіць, на той падставе, што тата свойчас не знайшоў нейкай паперкі. У мяне, у прыватнасьці, не знайшлі паперку аб узгадненьні дырэктарам тэхнікуму майго засяленьня зь Белсаўпрафам і ЦК ЛКСМБ”.

На пытаньне — якія мэты перасьледуюць улады, прымусова пазбаўляючы яго жытла, Валер Шчукін адказаў:

(Шчукін: ) “Праваабаронцаў, як вядома, ня любяць пры любых рэжымах. Не патрэбны Шчукін і полацкім уладам. Мяркую, што эпапэя з маім высяленьнем разгорнутая з мэтаю пазбавіць мяне магчымасьці ўдзельнічаць у будучых парлямэнцкіх выбарах 2004 году”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG