Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРАЎ ПРЫЁМНЫХ КАМІСІЯЎ ВНУ МЯНЯЮЦЬ НА ПРЭЗЫДЭНЦКІХ “РЭЗЭРВІСТАЎ”


Ігар Карней, Менск

Стацыянарнае навучаньне небеспадстаўна лічыцца найбольш прэстыжным: веды можна атрымаць аб’ектыўна лепшыя ў параўнаньні зь вечаровай ці завочнай формамі. Да таго ж, яно пераважна бясплатнае, і ня трэба штогоду траціць у сярэднім 1 тысячу даляраў. Таму, на думку асобных пэдагогаў, жаданьне кантраляваць працэс паступленьня ўжо колькі гадоў запар выказваецца на самым версе ўлады.

Ад учорашняга дня ў шэрагу беларускіх ВНУ прыёмныя камісіі зь ліку выкладчыкаў замененыя на гэтак званыя “рэзэрвовыя”, у складзе якіх пераважна вясковыя настаўнікі, падначаленыя непасрэдна Камітэту дзяржкантролю. Дарэчы, калі год таму “мабільны атрад” запасных кантралёраў складаў усяго тры дзясяткі чалавек, то сёлета колькасьць даведзеная да чатырох соцень. І калі летась на кантролі было шэсьць дысцыплінаў, то цяпер ажно 18!

Адна з выкладчыц у прыватнай размове выказала думку, што бацькі згодныя плаціць за навучаньне дзяцей, але, пажадана, адзін раз — напярэдадні ўступных іспытаў. Таму так званыя “падпольныя” рэктарскія, міністэрскія і т.п. сьпісы на першачарговае залічэньне студэнтамі як існавалі за савецкім часам, так нібыта ёсьць і цяпер.

Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў перакананы, што двурушніцтва дзяржаўных кантралёраў нясе нацыянальнай сыстэме адукацыі толькі шкоду.

(Паўлаў: ) “Да 1995 году, калі ў БДУ прыйшла першая камісія, у нас ніколі не было такога адсотку менчукоў сярод студэнтаў. Пакуль камісіі не было, выкладчыкі, калі бачылі, што абітурыент здольны, але чагосьці ня ведае, маглі яго падцягнуць, дзесьці падвысіць бал. А калі побач сядзіць кантралёр — атрымай двойку і гуляй. Пра дзяцей перасталі думаць, бо кожны баіцца за сваю працу. Вось і ўся камісія — толькі шкоду дзецям нясе, бо гэта папулісцкі крок. Хто зазвычай зьвяртаецца па “дапамогу”? Чыноўнікі найвышэйшага разраду. І адміністрацыя ВНУ можа пайсьці насустрач, бо ў таго ж чыноўніка потым папросяць дадатковага фінансаваньня. Таму зьвяртаюцца, як цяпер модна казаць, VIP-пэрсоны. А простым людзям розьніцы няма, ім ўсё роўна нічога ня “сьвеціць”. Паколькі гэта рэальнасьць, то гэта абсалютна нікчэмная акцыя і папулісцкі крок — ня болей”.

Паводле спадара Паўлава, нечаканае адхіленьне ад працы сябраў прыёмных камісіяў зь ліку выкладчыкаў ВНУ мае і маральны аспэкт, які наўпрост характарызуе стаўленьне ўлады да выкладчыкаў.

(Паўлаў: ) “Камісіям ВНУ адразу даюць зразумець: мы вам не давяраем, вы ўсе злодзеі. А хто даказаў, што яны такія? Ёсьць судовае рашэньне? Людзей абражаюць. У любой іншай краіне людзі плюнулі б і сказалі — рабіце, што хочаце, але прыніжаць сябе не дазволім. Я зьдзіўляюся нашай прафэсуры, якая трывае гэткую брыдоту. Ім ад пачатку не давяраюць. А дзе падставы? Калі аднаго-двух злавілі, дык іх судзіць трэба, дзеля гэтага ёсьць іншыя інстанцыі, ніякія не камісіі.

А каб усталяваць сацыяльную справядлівасьць, неабходна зьмяніць усю сыстэму. Калі я іду да дантыста, і ён запісвае мяне ў чаргу праз тры месяцы, то нейкага Івана Іванавіча сёньня ж у крэсла пасадзяць. Чаму тут няма камісіі? Калі гаішнік з “нулямі” машыну не чапае, а мяне спыняе і зьдзекуецца, то трэба і каля гаішніка ставіць камісію. Сама сыстэма павінна быць іншай, і тады будзе сацыяльная справядлівасьць”.

Ужо цяпер бальшыня супрацоўнікаў вышэйшай школы перакананыя, што паводле вынікаў уступнай кампаніі абавязкова трэба чакаць паказальных працэсаў над шэрагам выкладчыкаў, якіх назавуць хабарнікамі ці “карупцыянэрамі”. А заслугі ў выкрыцьці злоўжываньняў залічаць у актыў дзяржаўнай камісіі ў кантролі за хадой іспытаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG