Некалькі дзён таму з ініцыятывы прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў – Рады БНР, “Зьвязу беларусаў замежжа”, суполкі беларусаў у Празе “Скарына”, а таксама чэскай фундацыі “Чалавек у нядолі” быў утвораны камітэт “За свабодную Беларусь”, ганаровым старшынём якога пагадзіўся быць Вацлаў Гавэл. У камітэт увайшлі каля 50 дэпутатаў ніжняй Палаты чэскага парлямэнту і каля 50 дэпутатаў Сэнату.
Сёньня адбылося спатканьне Старшыні Сэнату Пэтэра Пітгарда з выканаўчым сакратаром камітэту “За свабодную Беларусь” Натальляй Маковік, старшынём “Зьвязу беларусаў замежжа” Яўгенам Сідорыкам і супрацоўнікам фундацыі “Чалавек у нядолі” Ільлём Глыбоўскім.
Спадар Пітгард выказаў падтрымку беларускай дэмакратыі, ён адзначыў, што ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і дзейнасьцю прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Празе. Спадарыня Маковік, спадары Глыбоўскі і Сідорык выказалі свае погляды на сытуацыю ў Беларусі і прапанавалі шэраг сумесных з чэскімі палітыкамі праектаў, у тым ліку і парляманцкія слуханьні ў справе свабоды слова ў Беларусі (такога кшталту слуханьні ў чэскім парлямэнце адбыліся чатыры гады таму).
Старшыня Сэнату заявіў, што далучаецца да камітэту “За свабодную Беларусь”.