За мінулыя выходныя ў Іраку былі забітыя 5 амэрыканскіх вайскоўцаў. Агульная колькасьць амэрыканскіх салдатаў, загіблых пасьля абвяшчэньня пра заканчэньне вайны, дасягнула 48.
Пры канцы мінулага тыдня Ірак наведаў кіраўнік Аб’яднанага камітэту кіраўнікоў штабоў ЗША Рычард Маерс. Генэрал Маерс ахарактарызаваў асобаў, якія нападаюць на амэрыканскіх салдатаў, наступным чынам:
(Маерс: ) “Відавочна, некаторыя зь іх проста аплочаныя. Яны – найміты. І ім шмат заплацілі, каб яны забівалі салдатаў кааліцыі. Ёсьць, відаць, людзі, якія моцна настроеныя супраць кааліцыі. Але нельга сказаць, што гэта нейкі рух, цэнтралізавана кіраваны Садамам Хусэйнам”.
Кіраўнік амэрыканскага генштабу выказаў свой погляд на сёньняшнюю ролю Садама Хусэйна ў ірацкіх падзеях:
(Маерс: ) “Я мяркую, што калі Хусэйн жывы, ён ня мае ўплыву на тое, што адбываецца цяпер у краіне. Ён цяпер вельмі заняты праблемаю свайго ўласнага выжываньня, ён вымысьляе новыя спосабы выжываньня, але яму не схавацца. Гэта вялікая краіна, але мы знойдзем яго”.
Генэрал Маерс заклікаў не чакаць, што цяпер, пасьля ліквідацыі сыноў былога прэзыдэнта Ўдая і Кусая, хваля нападаў на амэрыканскіх жаўнераў пачне спадаць:
(Маерс: ) “Ніхто не казаў, што захоп сыноў Хусэйна зьменшыць напады, я ніколі гэтага не казаў. Гэта ўрэшце рэшт адбудзецца, але няхутка, мы мусім чакаць і быць пільнымі”.
Пра значэньне ліквідацыі Ўдая і Кусая Хусэйнаў для самога былога прэзыдэнта, іх бацькі, гаворыць былы амбасадар ЗША ў Іраку Дэвід Ньютан, які цяпер узначальвае ірацкую службу нашага радыё:
(Ньютан: ) “Калі я даведаўся пра гэта, я падумаў, што гэты чалавек адказны за гібель соцень тысячаў іракцаў, шмат людзей страцілі сваіх сыноў і бацькоў, і цяпер, калі ён на гэта здольны, Хусэйн хаця б крыху зразумее пакуты, якія з-за яго несьлі іракцы на працягу дзесяцігодзьдзяў. Ён стварыў велізарны апарат сапраўднай паліцэйскай дзяржавы, але мне здаецца, што мы маем справу з, па сутнасьці, слабым чалавекам, які меў патрэбу ў людзях, якія ўвесь час казалі яму “так”.
На пачатку гэтага месяца група амэрыканскіх экспэртаў, якая дасьледавала сытуацыю ў Іраку, прыйшла да высновы, што на працягу 3 наступных месяцаў амэрыканцы мусяць пераламіць сытуацыю ў Іраку, аднавіць грамадзкі парадак у краіне, якая інакш пачне спаўзаць у хаас. Чым тлумачыцца цяперашняя хваля нестабільнасьці ў Іраку, рост гвалту, які накіраваны ня толькі на салдатаў кааліцыі, але і на саміх іракцаў? Гаворыць Дэвід Ньютан, былы амбасадар ЗША ў Іраку:
(Ньютан: ) “Калі я жыў у Іраку ў 80-х гадох, я бачыў, што іракцы – вельмі цывілізаваны народ, але калі вы жывеце ў паліцэйскай дзяржаве, калі вы бачыце, што любыя зьмены ва ўладзе могуць абдывацца толькі праз гвалт, вы ня маеце аніякага вопыту дэмакратыі і свабоды, не разумееце межаў і абавязкаў, якія накладае свабода.
Але я зьвяртаю ўвагу на тое, што не было масавых забойстваў сябраў партыі БААС, былі толькі асобныя выпадкі.
На працягу пэўнага часу там не было аніякай паліцэйскай сілы. Амэрыканскія войскі не маглі дзейнічаць як паліцыя, бо, паводле ваеннай дактрыны ЗША, салдат ня можа страляць у чалавека, які ня ўзброены і не пагражае яму. І таму салдаты не спынялі рабаўнікоў, якія зьявіліся сотнямі. Але гэта – часовая зьява, і я мяркую, што яна скончыцца праз пэўны час”.
Нядаўна створаная ў Іраку Кіраўнічая рада, у якую ўваходзяць уплывовыя ірацкія палітыкі, стала першым крокам да вяртаньня Іраку поўнага палітычнага сувэрэнітэту. Але наколькі здольныя самі іракцы да супольнага дзяржаўнага існаваньня бяз моцнай рукі дыктатара? Гаворыць Дэвід Ньютан:
(Ньютан: ) “Я не пагаджаюся з тымі, хто лічыць, што Ірак – гэта штучнае ўтварэньне. Я лічу, што гэта рэальна існуючая краіна, гісторыя якой налічвае 5 тысячаў гадоў. На мой погляд, жыхары Іраку могуць працаваць разам, і яны будуць працаваць разам. Я бы не дзяліў іракцаў паводле рэлігіі, я лічу гэта вялікай памылкай. Так, ёсьць розныя рэлігійныя групы, ёсьць розныя рэгіёны, але мы мусім ісьці да стварэньня дэмакратычнага ўраду, у якім ніякая асобная група ня будзе дамінаваць. Садам павялічваў гэтыя адрозьненьні, даючы ўсю ўладу людзям свайго кляну, свайго племені, сваёй вобласьці. Але ў будучыні ўсе грамадзяне Іраку мусяць мець дачыненьне да фармаваньня ўраду, і я лічу, што гэта можа быць зроблена”.