Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАРОДНАЯ ГРАМАДА” ПРАПАНУЕ СТВАРЫЦЬ “ЭЎРАПЕЙСКУЮ КААЛІЦЫЮ”


Валер Каліноўскі, Менск

Раней БСДП “Народная грамада” выступала за нэўтралітэт Беларусі, цяпер вышэйшы партыйны орган вырашыў зьмяніць гэтае праграмнае палажэньне на карысьць патэнцыйнага сяброўства краіны ў Эўразьвязе. Партыя ўлічыла, што, згодна з сацыялягічнымі апытаньнямі, далучэньне Беларусі да адзінай Эўропы падтрымівае каля 60% насельніцтва. Гаворыць лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Я больш ня бачу ніякага іншага спосабу для хуткага разьвіцьця краіны. Мы лічым, што Беларусь заслужыла гэтае права — мець асабістую праграму паскоранага прыёму ў Эўразьвяз. Шанец застаецца, трэба ісьці туды. І ёсцьць юрыдычныя падставы, таму што ёсьць Капэнгагенская дамова, згодна зь якой любая эўрапейская краіна мае права прэтэндаваць на сяброўства ў ЭЗ пры выкананьні пэўных умоваў. І ў нас ёсьць маральныя правы, таму што наш народ, мабыць, найбольш пацярпеў у вайне з фашызмам, ён прыняў на сябе ўдар Чарнобылю, і як вынік гэтага, мы цяпер трымаем на сваіх плячах апошнюю дыктатуру ў Эўропе. І я думаю, што мы павінны жорстка ставіць гэтае пытаньне”.

Мікола Статкевіч лічыць, што сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе — цалкам вырашальная праблема, тут галоўная ўмова — каб у краіне была дэмакратыя. Эўрапейская ідэя можа паспрыяць дэмакратызацыі краіны, упэўненыя лідэры “Народнай грамады”. Яны прапанавалі стварыць шырокую Эўрапейскую кааліцыю, што магла б выступіць адзінай альтэрнатыўнай сілай на будучых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах. У прыватнасьці, “Народная грамада” прапанавала аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў абмеркаваць гэтую тэму на наступным форуме.

Такая кааліцыя, на думку спадара Статкевіча, павінна завершыць сваё фармаваньне да прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак праэўрапейская тэма ня можа быць толькі тактычным перадвыбарчым сродкам, гэта важная стратэгічная мэта ўсяго народу, — лічыць адзін зь лідэраў “Народнай грамады” Алесь Арастовіч:

(Арастовіч: ) “Мы разгдядаем гэта як шлях нашай краіны ў Эўропу, Лукашэнка ж увесь час працуе на ўсходнім кірунку, мы прапануем іншы шлях, таму што лічым, што ягоная палітыка на стварэньне праваслаўна-славянскага саюзу — гэта рэакцыйная ідэя”.

“Народная грамада” выказала ідэю сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе, якую выказвалі раней і цалкам падтрымліваюць большасьць апазыцыйных дэмакратычных партыяў. Але ці будзе на гэтай плятформе створаная новая кааліцыя, сказаць пакуль складана. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы сапраўды першая палітычная сіла, якая ўключыла ў сваю праграму сяброўства Беларусі ў Эўрапейскім зьвязе і НАТО, і чым далей будзе разьвівацца палітычная сытуацыя, чым далей яна будзе праясьняцца, тым больш палітычных сілаў, якія будуць станавіцца на гэтыя альбо аналягічныя пазыцыі. І гэта добра. Разам з тым, я думаю, што сёньня рэальнае кааліцыяваньне дзеяздольных сілаў адбываецца вакол вельмі надзённых пытаньняў, такіх як недапушчэньне трэцяга тэрміну Лукашэнкі. Я высока ацэньваю паразуменьне пяці палітычных партыяў вакол гэтай канкрэтнай справы. І таксама іхнае імкненьне дамагчыся супольнае плятформы на наступных выбарах”.

Вінцук Вячорка лічыць, што трэба імкнуцца больш актыўна працаваць у кааліцыях, што ўжо існуюць. Прыкладна такой жа думкі трымаюцца і ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG