Восьмую частку Савету Рэспублікі — 8 дэпутатаў — паводле Канстытуцыі мае права прызначаць прэзыдэнт. Раней ён прызначыў туды прэзыдэнта Акадэміі навук Аляксандра Вайтовіча, каб вызваліць месца галоўнага акадэміка для Міхаіла Мясьніковіча. Цяпер Аляксандар Лукашэнка спадара Вайтовіча адклікаў, каб сьпікерам верхняй палаты зрабіць былога прэм’ера Генадзя Навіцкага.
На пазачарговую сэсію Савету Рэспублікі ў панядзелак сабраліся 58 сябраў палаты (6 адсутнічалі). Усе яны разам прагаласавалі за зьмену сьпікера. Адразу пасьля гэтага сэсія скончылася, і пачалася перадача справаў ад Аляксандра Вайтовіча Генадзю Навіцкаму. У працэсе перадачы, які зацягнуўся на некалькі гадзінаў, вырашылі ўзяць удзел некаторыя іншыя службовыя асобы высокага рангу.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў прывёз вялізны букет чырвоных ружаў для новага калегі. А кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўрал Латыпаў прыйшоў пешшу і бяз кветак.
На маё пытаньне, чаму Аляксандар Лукашэнка адклікаў старшыню Савету Рэспублікі, спадар Латыпаў адказаў, што для гэтага настаў час, бо Аляксандру Вайтовічу споўнілася 65 гадоў. Праўда, здарылася гэта селёта 5 студзеня. Навошта было чакаць да летніх вакацыяў і склікаць пазачарговую сэсію верхняй палаты менавіта цяпер, кіраўнік Лукашэнкавай адміністрацыі не патлумачыў.
Афіцыйнай прычынай для адкліканьня спадара Вайтовіча называецца артыкул 41 новага закону “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”, які пачаў дзейнічаць у дзень падпісаньня ўказу аб ягоным адкліканьні 25 ліпеня. Паводле гэтага артыкулу, дзяржаўная служба пасьля дасягненьня 65 гадоў мусіць быць спыненая. Аднак сябрам Савету Рэспублікі дагэтуль застаецца прызначаны туды таксама прэзыдэнцкім указам Мікалай Чаргінец, які на два з паловай месяцы старэйшы за Аляксандра Вайтовіча. Але, адрозна ад цяпер ужо былога сьпікера, спадар Чаргінец не дапускаў незалежных выказваньняў і нават ачольваў ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2001 году.
Таму звальненьне спадара Вайтовіча выглядае чыста палітычным, хаця й паскораным Лукашэнкавым абяцаньнем працаўладкаваць да канца лета Генадзя Навіцкага, звольненага з пасады прэм’ер-міністра 10 ліпеня. Прамаўляючы з трыбуны Савету Рэспублікі, спадар Навіцкі паабяцаў:
(Навіцкі: ) “Я ўвесь свой досьвед, веды ды ўрокі, якія мне давялося атрымаць, буду выкарыстоўваць для таго, каб выконваць гэтае заданьне добра й з годнасьцю”.
Спадар Навіцкі, якому 54 гады, заявіў, што падтрымлівае рашэньне Аляксандра Лукашэнкі звольніць яго з пасады прэм’ера і лічыць гэта правільным.
Аляксандар Вайтовіч указу аб сваім адкліканьні пакуль не камэнтаваў. Аднак у дзень падпісаньня гэтага ўказу, адказваючы на маё пытаньне пра створаны Аляксандрам Лукашэнкам інстытут упаўнаважаных у ніжняй палаце Нацыянальнага сходу, скрытыкаваў гэта:
(Вайтовіч: ) “Я думаю, калі ствараць такое прадстаўніцтва ў Палаце прадстаўнікоў, дык трэба хоць нейкую крыху базу зрабіць — калі не заканадаўчую, то нарматыўную якую-небудзь базу. Гэта павінна, магчыма, быць адлюстравана ў рэглямэнце працы Палаты прадстаўнікоў”.
У Савеце Рэспублікі падобных прапановаў не было, зазначыў спадар Вайтовіч і дадаў:
(Вайтовіч: ) “Мне вельмі не спадабалася назва…”
(Журналістка: ) “А на русском языке?”
(Вайтовіч, пераходзіць на расейскую: ) “На расейскай мове… Мне вельмі не спадабалася назва артыкулу ў “Советской Белоруссии”, які апісваў гэтую сустрэчу. Яна нікуды ня вартая — што такое “Першыя сярод роўных”? Што гэта за такі загаловак? Гэта што — гэтыя шэсьць чалавек імгненна пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам сталі першымі сярод 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў?”
У кулюарах Савету Рэспублікі кажуць, што менавіта гэтая заява Аляксандра Вайтовіча і сталася апошняй кропляй, якая паскорыла ягоную адстаўку.