Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ НЯМА “ГАРЫ ПОТЭРА” ПА-БЕЛАРУСКУ?


Ганна Соусь, Менск

Пятая кніга пра хлопчыка-чараўніка “Гары Потэр і Ордэн Фэнікса” — адзін з самых пасьпяховых бэстсэлераў. Пасьля выхаду ў сьвет 26 чэрвеня яе куплялі ў брытанскіх крамах з хуткасьцю восем асобнікаў за сэкунду. Цяпер у нямецкіх, чэскіх, польскіх, літоўскіх кніжных крамах поўна асобнікаў пятай кнігі пра Гары Потэра.

Беларускія ж прыхільнікі твораў Джоан Роўлінг вымушаныя чакаць расейскага перакладу кнігі. Абяцаецца, што “Гары Потэр і Ордэн Фэнікса” будзе выдадзены па-расейску ў лютым наступнага году. Гаворыць намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

(Анісім: ) “Калі б у нас былі выдадзеныя кнігі пра Гары Потэра па-беларуску раней, чым па-расейску, яны б мелі вельмі вялікі попыт. За апошнія гады я не магу ўзгадаць дзіцячых бэстсэлераў, перакладзеных на беларускую мову. Ня можам мы пахваліцца тым, каб нашыя пісьменьнікі, перакладчыкі праяўлялі цікаўнасьць да сусьветных бестсэлераў і жадалі бы давесьці да беларускага чытача навінкі культуры”.

Паводле галоўнага рэдактара часопіса “Архэ” Валеркі Булгакава, праблема значна шырэйшая — адсутнічае беларускамоўная мас-культура ўвогуле.

(Булгакаў: ) “Беларуская мова не ўспрымаецца як мова трансьляцыі нейкіх найважнейшых сучасных мастацкіх дасягненьняў. Па-беларуску мы амаль не сустрэнем перакладаў найноўшай відэапрадукцыі. Па-беларуску мы не сустрэнем модных заходніх глянцавых часопісаў. Магчыма, часткова карані гэтай сытуацыі псыхалягічныя. У буйных выдаўцоў няма пэўнасьці, што такія выданьні могуць быць прынамсі самаакупнымі, а ў лепшым выпадку даваць прыбытак. Унутраны выдавецкі рынак, адносная адкрытасьць мяжы з Расеяй дазваляе яго цалкам запаўняць падобнай расейскамоўнай прадукцыяй”.

Другая прычына, паводле Валеркі Булгакава, палягае ў тым, што ў структуры беларускага выдавецкага рынку адсутнічае сур’ёзны капітал. Бо ў выпадку з Гары Потэрам патрэбна набыць аўтарскія правы, укласьці значныя сродкі ў паліграфію, дыстрыбуцыю і гэтак далей. У Беларусі не паўстаў яшчэ капіталіст у выдавецкай сфэры, які быў бы здольны інвэставаць мільён даляраў на падобную акцыю, лічыць галоўны рэдактар часопісу “Архэ”.

Як паведамілі Радыё Свабода ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”, тут хацелі бы выдаць творы пра Гары Потэра па-беларуску, але на гэтае бракуе грошай. Гаворыць загадчык аддзелу маркетынгу выдавецтва Ганад Чарказян:

(Чарказян: ) “Гэта камэрцыйная кніга. Яе перакласьці будзе вельмі дорага. Калі б “Мастацкая літаратура” выдала Гары Потэра, то больш нічога нельга было б зрабіць. Да таго ж у нас яшчэ плянавая эканоміка”.

На пытаньне Радыё Свабода, а якія ўсясьветныя бэстсэлеры апошнім часам выдала “Мастацкая літаратура”, Ганад Чарказян распавёў, што тры месяцы таму выйшлі ў сьвет творы Элізы Ажэшкі ў перакладзе Анатоля Бутэвіча, а цяпер рыхтуюцца да друку вершы Байрана ў перакладзе Ўладзімера Скарынкіна.

А пісьменьнік і выдавец Адам Глобус упэўнены, што выданьне кнігаў пра Гары Потэра па-беларуску ня можа стаць пасьпяховым фінансавым праектам.

(Глобус: ) “Не магло б стаць, таму й не перакладаецца. Каб магло, пераклалі б. У нас хутчэй кніга Арлова будзе пасьпяховым праектам, ці кніжка Скоблы, але ня Потэр. Таму што той чытач, які чытае Потэра, не чытае па-беларуску. А на што мы на яго будзем арыентавацца?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG