Дзесяць “зуброўцаў” выйшлі 27 ліпеня апоўдні на пляц Незалежнасьці зь бел-чырвона-белым сьцягам і транспарантам з надпісам “Жыве незалежная Беларусь!” Маладыя хлопцы раздавалі мінакам і вернікам, што ішлі са сьвяточнай імшы ў Чырвоным касьцёле, улёткі. Зуброўцы віншавалі людзей з 13-й гадавінай Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.
Міліцыянты затрымалі васьмёх чалавек, але да адміністратыўнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце прыцягнулі толькі пяцёх. Бо затрыманыя Яўген Афнагель, Рыгор Кійко і Ігар Віньнікаў непасрэднага ўдзелу ў акцыі ня бралі.
У панядзелак судзьдзя Надзея Равуцкая разглядала справы зуброўцаў Паўла Юхневіча і Зьмітра Жамойдзіка. Абодва хлопцы не шкадавалі, што ўзялі ўдзел у пікеце. Гаворыць ЗьміцерЖамойдзік:
(Жамойдзік: ) “Мы ўсе былі гатовыя, што такое затрыманьне можа здарыцца”.
А вось меркаваньне Паўла Юхневіча:
(Юхневіч: ) “Я абсалютна не шкадую, бо цяпер сытуацыя ў краіне такая, што кожны крок, скіраваны на абарону незалежнасьці, важны. 5, 10, 15 сутак — неістотна. Гэта трэба рабіць, і калі ня мы, то хто?”
Ён таксама заявіў у судзе, што ўдзельнічаў у пікеце, але ня ведаў, што пікет несанкцыянаваны. Судзьдзя вынесла спадару Юхневічу папярэджаньне. А Зьмітра Жамойдзіка Надзея Равуцкая пакарала штрафам на 280 тысяч рублёў, бо палічыла ягоныя паказаньні няшчырымі. Спадар Жамойдзік сьцьвярджаў, што фактычна ня ўдзельнічаў у пікеце.
Справа трэцяга затрыманага, Міхала Воўчака, будзе разгледжаная 31 ліпеня, бо ён запатрабаваў адваката. Пратаколы на Дзяніса Барадзіна й Аляксея Ляўковіча накіраваныя ў камісію ў справах непаўнагадовых.